Прадстаўнікі Віцебскай вобласці сталі прызёрамі рэспубліканскага конкурсу інавацыйных праектаў
Фіналісты 9 сезона рэспубліканскага праекта «100 ідэй для Беларусі», арганізатарам якога з'яўляецца БРСМ, сталі ўладальнікамі сертыфікатаў на атрыманне грашовых сродкаў для далейшай камерцыялізацыі сваіх вынікаў. Нашы землякі адзначаны ў намінацыі «Лепшы маладзёжны інавацыйны праект». Так, другое месца занялі магістранты факультэта матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій ВДУ ім. П. Машэрава, выкладчык кафедры прыкладного і сістэмнага праграмавання Дзіяна Бірукова і Аляксандр Шыдлоўскі, які па сумяшчальніцтве працуе інжынерам-праграмістам у кампаніі LACIT з праектам «Шматфункцыянальная мыліца». Трэцяе месца заваявалі навучэнцы Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна, метадыст Аксана Шпакава з праектам «Лялька.Бай».
Сёлета на конкурс пададзена 71 заяўка, з іх у намінацыі «Лепшы інавацыйны праект» – 24, у намінацыі «Лепшы маладзёжны інавацыйны праект» – 47.
Дыпломамі фіналістаў конкурсу ад Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь узнагароджаны дацэнт кафедры тэхналогіі і абсталявання перапрацоўкі нафты і газу ПДУ, кандыдат тэхнічных навук Юлія Булавка за праект «Склад супраць замярзання і пылення вуглеродавых матэрыялаў», а таксама выпускнікі Віцебскага філіяла Беларускай акадэміі сувязі Ілья Іваноў, Мікіта Кудзінаў, Дзяніс Сусалка за праект «Жэстобот».
Нагадаем, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях пры ўдзеле Беларускага інавацыйнага фонду, Міністэрства адукацыі, Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» праводзіць Рэспубліканскі конкурс інавацыйных праектаў.
У межах конкурсу разглядаюцца сацыяльна значныя інавацыйныя праекты з дэталёва прапрацаванай стратэгіяй рэалізацыі (камерцыялізацыі), якія адпавядаюць прыярытэтным напрамкам навукова-тэхнічнай дзейнасці ў Беларусі.