Прадстаўнікі Віцебскай вобласці заваявалі 4 галоўныя ўзнагароды маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі»

Представители Витебской области завоевали 4 главные награды молодёжного проекта «100 идей для Беларуси»
Прадстаўнікі нашай вобласці ў фінале 9-га рэспубліканскага маладзёжнага праекта «100 ідэй для Беларусі» ўзялі чатыры галоўныя ўзнагароды.

Поўная зала ўдзельнікаў і экспертаў, доўгія гутаркі вопытных спецыялістаў і пачаткоўцаў інаватараў, гарачыя канструктыўныя спрэчкі, слушныя парады, дух не суперніцтва, а суперажывання, нарастаючае хваляванне, збыццё чаканняў, трыумф пераможцаў – так, мабыць, можна апісаць атмасферу, якая панавала на фінале праекта «100 ідэй для Беларусі». Патрапіць сюды – ужо ганарова для кожнага з фіналістаў, гэта азначае, што яшчэ на рэгіянальных этапах конкурсу іх распрацоўкі зрабілі ўражанне на журы. І ўсё ж пераможца можа быць толькі адзін, дакладней – па адным у кожнай з 10 намінацый дзвюх узроставых катэгорый. 

Навучэнцы Віцебскага філіяла Беларускай акадэміі сувязі Мікіта Кудзінаў, Ілья Іваноў і Дзяніс Сусалка не пакінулі шанцаў рабятам з іншых каманд і сталі лепшымі ў намінацыі «Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць». Іх «Жэстабот» уяўляе сабой робата (пакуль у гульнявым варыянце), якім можна кіраваць пры дапамозе спецыяльнага наручнага бранзалета. Такі спосаб маніпулявання механізмам дапаможа выратавальным службам, будаўнікам, спецыяльным атрадам ва ўмовах, дзе правядзенне работ звязана з павышанай рызыкай або куды чалавеку няма доступу. Для фіналу рабяты мадэрнізавалі мадэль: дадалі лапу, якая кіруецца, з двухпальцавым хватам, павялічылі магутнасць рухавіка, пашырылі хадавую частку. Яны расказалі, што іх праектам цікавіліся многія эксперты і гледачы, задавалі нямала пытанняў, што здзівіла маладых распрацоўшчыкаў. У будучыні яны хацелі б наладзіць серыйнае вытворчасць жэстабота.

Андрэй Чарнаморцаў з СШ №1 Дуброўна занепакоіўся праблемай захавання і выкарыстання энергіі, якая застаецца ў пальчыкавых батарэйках, што выкідваюцца. Без пяці хвілін выпускнік школы, перспектыўны малады вынаходнік лічыць, што трэба не проста збіраць і ўтылізаваць адпрацаваныя элементы харчавання, але і выпампоўваць з іх рэшту энергіі, назапашваць у спецыяльнай прыладзе і загружаць у акумулятар. Андрэй сканструяваў прыстаўку да звычайнага кантэйнера для батарэек, якая менавіта гэтым і займаецца. Па падліках дубровенца, акумулятара, які працуе на рэшце энергіі, хопіць для асвятлення пакоя, падзарадкі любых прылад, што значна зэканоміць спажываную электраэнергію, а значыць, і зберажэ бюджэт.

Дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Юлія Булавка прапанавала палімер-мадыфікатар для дарожных бітумаў, які адрозніваецца шэрагам канкурэнтных пераваг, перш за ўсё даступнасцю зыходнай сыравіны (адходы нафтахімічнай вытворчасці) і, адпаведна, коштам.

Студэнты Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П. Машэрава Аляксандр Шыдлоўскі і Дзіяна Бірукова стварылі больш танны і лёгкі аналог разумнай трысці для людзей залатога ўзросту і ўсіх, хто мае патрэбу ў дапамозе. На яе можна абапірацца пры хадзьбе, яна таксама служыць сродкам апавяшчэння аб экстраннай сітуацыі: пры націску на трывожную кнопку родным прыходзіць SMS з каардынатамі чалавека, які трапіў у бяду. Акрамя гэтага, трысцяк абсталяваны ліхтарыкам, падае сігнал, які нагадвае аб неабходнасці прыняць лекі, «раскажа» пра надвор'е, змяненне пульса свайго ўладальніка. Ад ужо існуючай разумнай трысці распрацоўка віцебскіх студэнтаў адрозніваецца больш даступнай цаной, а значыць, зможа з'явіцца ў арсенале пенсіянераў, якія любяць у адзіночку здзяйсняць праменад па вуліцах горада і яго наваколлі.

А вось асабіста маю ўвагу прыцягнула яшчэ адна каманда школьнікаў з Дубровіна. Іх медыцынскі робат-афтальмолаг «Доктар вока» – распрацоўка для праверкі зроку. Прылада можа з поспехам прымяняцца для самадыягностыкі: трэба ўсяго толькі націснуць адну кнопку. Анастасія Кацікава і Павел Карнееў рэкамендуюць аднагодкам і ўсім дарослым клапаціцца пра свой зрок, менш сядзець ля экранаў гаджэтаў і тэлевізараў, а больш гуляці на свежым паветры і займацца фізкультурай.

Пераможцамі фіналу «100 ідэй для Беларусі» з больш чым 100 удзельнікаў сталі 20 праектаў школьнікаў, студэнтаў і маладых навукоўцаў – па адным у 10 намінацыях дзвюх узроставых катэгорый.