Прадстаўнікі ўлады і бізнэсу Латвіі і Расіі зацікаўлены ў супрацоўніцтве з прадпрыемствамі Лепельскага раёна

Прадстаўнікі ўлады і бізнесу Алойскага краю Латвійскай Рэспублікі і Кінешамскага муніцыпальнага раёна Расійскай Федэрацыі, наведаўшы з візітам Лепельскі раён, зацікавіліся супрацоўніцтвам з лепельскімі прадпрыемствамі.

Госці наведалі прадпрыемствы як дзяржаўнай, так і прыватнай форм уласнасці. У КУВП «Бароўка», лясгасе, на дрэваапрацоўчым прадпрыемстве «Радыял трэйд», Лепельскім малочнакансервавым камбінаце ім расказалі пра патэнцыял супрацоўніцтва. Як расіян, так і латышоў не пакінулі абыякавымі аб'екты сацыяльнай сферы – Цэнтр сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў Лепельскага раёна, Дом рамёстваў, дзе для іх арганізавалі майстар-клас па ткацтве, санаторый «Жамчужына» і Бярэзінскі біясферны запаведнік.

– Уразіла арганізацыя вытворчасці на малочнакансервавым камбінаце і прадукцыя «Лепелька», якая нагадала тыя натуральныя малочныя прадукты, якія еў у дзяцінстве ў бабулі ў вёсцы. Усё, што мы ўбачылі тут, нам вельмі блізка, таму што наш раён таксама развівае прамысловасць, сельскую гаспадарку, турызм, – падзяліўся кіраўнік Кінешамскага муніцыпальнага раёна Іванаўскай вобласці Сяргей Герасімаў.

– Нас вельмі зацікавіла супрацоўніцтва з прадпрыемствамі Лепельшчыны, а, пабываўшы ў Цэнтры рамёстваў, мы ўбачылі, як шмат у нас агульнага ў культуры, – адзначыў намеснік старшыні Алойскага краю Латвійскай Рэспублікі Юргіс Рацэніс. – Летам чакаем у госці дэлегацыю з Лепеля.

– Падчас гэтага візіту падпісана пагадненне аб супрацоўніцтве з Кінешамскім муніцыпальным раёнам, куды нас запрасілі ў чэрвені на святкаванне 90-годдзя з дня яго ўтварэння. З Алойскім краем Латвійскай Рэспублікі такі дакумент падпісаны ў красавіку мінулага года. Далейшае супрацоўніцтва з абодвума рэгіёнамі плануецца ў галіне дрэваапрацоўкі і малочнай прамысловасці, – паведаміла намеснік старшыні Лепельскага райвыканкама Аксана Церашкова.

"Віцебскія весці".