Прадстаўніца Прыдзвіння ўвайшла ў тройку самых прыгожых студэнтак
У Нацыянальнай бібліятэцы адбыўся рэспубліканскі фінал міжвузаўскага конкурсу «Каралева Вясна Беларусі – 2013». Манаршы прастол чароўнасці і прыгажосці дастаўся студэнтцы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Дар'і Шманай. «Першай віцэ-міс» стала студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Анастасія Перавознікава. Менавіта гэтыя дзве дзяўчыны будуць прэтэндаваць на карону ў міжнародным міжвузаўскім конкурсе «Каралева Вясна – 2013», фінал якога адбудзецца 3 мая.
Прыгажосць адной з прадстаўніц Прыдзвіння таксама не засталася незаўважанай. Журы прысвоіла тытул «Другая віцэ-міс» Надзеі Шаблыка з Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
Усяго ў рэспубліканскім туры ўдзельнічалі 16 дзяўчат: па дзве ад кожнай вобласці і шэсць ад Мінска. Яны прадэманстравалі сваю індывідуальнасць, артыстычнае майстэрства і пачуццё гумару падчас творчых і інтэлектуальных спаборніцтваў.
Падрыхтавала Алена СЫС. «Віцебскі рабочы»