Прадстаўніца Віцебскай вобласці стала лаўрэатам XIV Міжнароднага Пушкінскага конкурсу для настаўнікаў рускай мовы
Ён праводзіцца штогод, і кожны раз арганізатары прапануюць новую тэму для творчага эсэ. У 2014-м яна гучала так: «Пушкін. Інтэрнэт. Базар. Хто ж сапраўдны настаўнік рускай мовы ў маёй краіне?» У спаборніцтве прынялі ўдзел славеснікі-русісты з блізкага і далёкага замежжа. Лаўрэатамі конкурсу сталі 50 чалавек, сярод якіх 7 нашых суайчыннікаў.
Атрадна, што ў лік лепшых увайшла і адзіная прадстаўніца Віцебшчыны – настаўніца рускай мовы і літаратуры Обальскай СШ Шумілінскага раёна Таццяна Карнеева. Таццяна Станіславаўна атрымала дыплом і грашовую прэмію, а таксама масу незабыўных уражанняў ад паездкі.
За тыдзень знаходжання ў Маскве можна было не толькі пазнаёміцца з славутасцямі расійскай сталіцы, але і з перадавымі напрацоўкамі ў адукацыйнай сістэме, наведаць адкрытыя ўрокі, падзяліцца вопытам з калегамі з розных краін, пабываць на розных мерапрыемствах, у тым ліку на ваенна-музычным парадзе «Спасская вежа», які праходзіў на Чырвонай плошчы, тэатралізаваным прадстаўленні «Фантазіі вячэрняга Царыцына», стаць удзельнікам літаратурнай экскурсіі па пушкінскіх мясцінах.
Надзея Фондарэнка, "Віцебскія весці"