Прадстаўніцы Беларусі на дзіцячым конкурсе «Славянскага базару» выступяць у першай дзясятцы

7 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадстаўніцы Беларусі на VIII Міжнародным дзіцячым конкурсе "Віцебск-2010" XIX Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" выступяць у першай дзясятцы, перадае карэспандэнт БЕЛТА з цырымоніі жараб'ёўкі ўдзельнікаў. Злата Ларчанка ў першы конкурсны дзень 8 ліпеня пад восьмым нумарам праспявае песню "Журавінка", а другі раз паднімецца на сцэну сёмая з кампазіцыяй уласнага сачынення "Баба-Яжка.by". Ганна Зайцава выступіць пад 9 і 6 нумарамі адпаведна. На суд журы і гледачоў яна прадставіць песні "Ляціце, мае крылы" і "А можа быць варона". Адкрыць конкурс на першым выступленні юных артыстаў давядзецца Мілане з Узбекістана, а на другім - украінцы Вользе Цімашэнцы. Апошнімі ў гэтыя дні на сцэну паднімуцца прадстаўніца Літвы Габія і конкурсант ад Украіны Артур Рыжак. Пад 13 нумарам праспяваюць свае кампазіцыі Дэніс з Нідэрландаў і расіянін Мікіта Хрыпушын. Не абышлося на конкурсе і без магіі лікаў: аднолькавыя нумары выступленняў - 10 і 11 - дасталіся Міхаэле Татарчук (Малдова) і Лізе Ніквашвілі (Грузія). Аднак выцягнуць любімы нумар, каб пашанцавала, недастаткова. Важна быць падрыхтаваным і старанна займацца, падкрэслілі ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА беларускія конкурсанты. Дзяўчынкі адчуваюць сябе спакойна і вераць у свае сілы: Аня штодня займалася музыкай падчас падрыхтоўкі да конкурсу, а Злата літаральна днямі прывезла першае месца з Міжнароднага фестывалю "Крымскія хвалі" у Феадосіі (Украіна) у ўзроставай намінацыі 10-13 гадоў. Цырымонія жараб'ёўкі суправаджалася невялікімі выступленнямі юных зорачак, кожная з якіх прадэманстравала выдатныя вакальныя даныя. Чальцам журы давядзецца зрабіць складаны выбар. Такое меркаванне выказаў і старшыня міжнароднага журы вядомы румынскі кампазітар Мікалае Караж'я. "На конкурс у Віцебск прыязджаюць толькі добра падрыхтаваныя дзеці, таму з году ў год ён становіцца ўсё лепш, захоўваючы свае традыцыі", - падкрэсліў ён. VIII Міжнародны дзіцячы конкурс "Віцебск-2010" пройдзе з 8 па 10 ліпеня. У гэтым годзе ў ім бяруць удзел 22 прадстаўнікі з 19 краін. Беларусь, Расію і Украіну, згодна з умовамі конкурсу, прадстаўляюць па два канкурсанты. Конкурс закліканы папулярызаваць дзіцячую музычную творчасць, выяўляць юных таленавітых выканаўцаў, спрыяць актывізацыі стварэння новых сучасных твораў для дзяцей і юнацтва, выхоўваць мастацкі густ юных артыстаў.-0-