Прадстаўлены новы старшыня Віцебскага райвыканкама
На чарговай сесіі Віцебскага раённага Савета дэпутатаў аднагалосна зацверджаны новы старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Сабыніч. Ён змяніў Руслана Фурашова, які сышоў у адстаўку па ўласным жаданні.
Генадзь Сабыніч нарадзіўся ў 1973 годзе ў вёсцы Шунеўцы Глыбоцкага раёна. Пасля заканчэння Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі працоўную дзейнасць пачынаў на пасадзе інжынера па ўкамплектаванні тэхнікі калгаса «Парыжская камуна» Глыбоцкага раёна. Працаваў дырэктарам КУСГП «Лукомль» Чашніцкага раёна, быў першым намеснікам старшыні Сенненскага райвыканкама. З 2012 года з'яўляўся намеснікам старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Выступаючы перад дэпутатамі і актывам, Генадзь Сабыніч сказаў, што за мінулую пяцігодку ў Віцебскім раёне дастаткова шмат зроблена ў плане сацыяльна-эканамічнага развіцця. Неабходна прымножыць усё станоўчае, прааналізаваць прычыны недапрацовак і вызначыць шляхі выхаду на запланаваныя паказчыкі.
Генадзь Сабыніч адзначыў, што кіраўніком дзяржавы і кіраўніцтвам вобласці пастаўлена задача ў цяперашні няпросты час захаваць узровень дабрабыту насельніцтва. Таму трэба павышаць эфектыўнасць працы прадпрыемстваў за кошт павелічэння прадукцыйнасці працы і зніжэння сабекошту прадукцыі. Толькі ў гэтым выпадку можна выйсці на годнае заробку. Таксама Генадзь Сабыніч лічыць неабходным больш актыўна развіваць турызм, выкарыстоўваючы геаграфічнае становішча і гісторыка-культурную спадчыну раёна.
У сваім выступленні Руслан Фурашоў падзякаваў усім за сумесную працу. Ён расказаў, што за апошнія пяць гадоў Віцебскі раён тройчы прызнаваўся пераможцам рэспубліканскіх «Дажынак». У рэгіёне стабільна намалочваюць каля 100 тыс. т збожжа, за 2015-ы сярэдні надой на карову склаў 4995 кг. Створана 2,5 тыс. новых працоўных месцаў.
Датацыйнасць раённага бюджэту зніжана з 17% у 2010-м да 2% у 2015-м. Усё гэта стала магчымым дзякуючы папярэднім і цяперашнім пакаленням кіраўнікоў і работнікаў. Руслан Фурашоў пажадаў свайму пераемніку поспехаў у вырашэнні новых задач.
Першы намеснік старшыні аблвыканкама Генадзь Грэбнеў выказаў удзячнасць Руслану Фурашову за добрасумленную працу і ўручыў яму Ганаровую грамату аблвыканкама.
Генадзь Грэбнеў падкрэсліў, што вынікі дзейнасці Віцебскага раёна аказваюць значны ўплыў на паказчыкі вобласці ў цэлым. Тут створана шмат прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнесу, што адбіваецца на напаўняльнасці раённага бюджэту. Разам з тым развіццё гэтага сектара з'яўляецца рэзервам эканамічнага росту. У кантралюючых органаў выклікае нараканне вялікая колькасць незадзейнічаных вытворчых і сацыяльных аб'ектаў, якія страцілі сваё мэтавае прызначэнне.
Праблемнымі застаюцца стан жыллёва-камунальнай гаспадаркі, добраўпарадкаванне і ўтрыманне населеных пунктаў, гандаль. Генадзь Грэбнеў парэкамендаваў новаму кіраўніку раёна не секчы з наскоку ў кадравым пытанні, вывучыць патэнцыял актыву рэгіёна і эфектыўна яго выкарыстоўваць.
Сяргей Антонаў. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».