Папярэджанне надзвычайных сітуацый і праблема гібелі людзей у іх. У Беларусі стартавала акцыя «За бяспеку разам»

У Рэспубліцы Беларусь праходзіць акцыя «За бяспеку разам». Пра гэта распавёў намеснік начальніка АУС адміністрацыі Першамайскага раёна, начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Аляксандр Рыбакоў:

- Ініцыятарам выступіла МНС Беларусі. Таксама ў акцыі прымуць удзел і супрацоўнікі праваахоўных органаў. З 2 па 20 красавіка асноўныя намаганні ўдзельнікаў акцыі будуць накіраваны на прыцягненне ўвагі да праблемы гібелі людзей, папярэджанне надзвычайных сітуацый і пажараў у жылых будынках і збудаваннях, якія адбываюцца з-за невыканання грамадзянамі правілаў бяспекі. На тэрыторыі Першамайскага раёна грамадзянам будуць тлумачыцца наступствы пакідання дзяцей без нагляду, а таксама злоўжывання спіртнымі напоямі.

У сувязі з гэтым Аляксандр Анатольевіч нагадаў, што згодна з артыкулам 159 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь за пакіданне ў небяспецы дзяцей прадугледжана крымінальная адказнасць з пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў.

Падчас акцыі пройдуць рэйды па праверцы арганізацыі пажарнай бяспекі ў жыллі. Будуць абследаваны месцы агульнага карыстання (лесвічныя клеткі, агульныя тамбуры і г.д.), гарышчы і сутарэнні. Органам дзяржаўнага кіравання будзе аказана неабходная дапамога ў навучанні грамадзян мерам пажарнай бяспекі на вытворчасці і ў быце. Аляксандр Анатольевіч падкрэсліў, што асаблівы акцэнт праваахоўнікамі будзе зроблены на ўмацаванне правапарадку, асабліва прафілактычнай працы з нядобранадзейнымі сем'ямі, тымі, хто вядзе асацыяльны лад жыцця, злоўжывае спіртным.

"Віцьбічы".