Прадузятае стаўленне да назірання за выбарамі ў часы дэмакратыі недапушчальнае - У.Андрэйчанка

17 жніўня, Глыбокае /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прадузятае стаўленне да назірання за выбарамі ў часы дэмакратыі недапушчальна. Такое меркаванне выказаў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Уладзімір Андрэйчанка. Ён прымае ўдзел у пасяджэнні Савета старэйшын і Савета маладых спецыялістаў з удзелам корпуса цяперашніх кіраўнікоў Глыбоцкага раёна ў абноўленым гарадскім Доме культуры Глыбокага. Паводле слоў Уладзіміра Андрэйчанкі, народнае назіранне праводзіцца практычна ва ўсіх дзяржавах. "Я лічу гэта нармальнай з'явай. Але тое, што гэта назіранне не заўсёды бывае аб'ектыўным, часам з'яўляецца прадузятым, у наш час дэмакратыі недапушчальна", - лічыць спікер. На думку старшыні Палаты прадстаўнікоў, ацэнка місіі назіральнікаў ад СНД з'яўляецца заўсёды аб'ектыўнай, таму што тут ёсць выпрацаваныя правілы работы. Акрамя таго, людзі, якія прыязджаюць у Беларусь, блізкія нашай краіне па мове, менталітэце. "Што тычыцца назірання місіі БДВР АБСЕ, то тут заўсёды было і застаецца прадузятае стаўленне", - канстатаваў Уладзімір Андрэйчанка. Ён перакананы, што гэта звязана перш за ўсё з тым, што не распрацаваны стандарты, падыходы да назірання за выбарамі. "Пра гэта ўжо не аднойчы выказваліся многія краіны. У Беларусі гэтае пытанне таксама не раз падымалася", - падкрэсліў ён, прывёўшы ў якасці прыкладу апошнія выбары ў парламент Казахстана. "Трэба сядаць і распрацоўваць гэтыя крытэрыі, а ехаць сюды з нарыхтаванымі высновамі (мы гэта ведаем, праходзілі) проста недапушчальна", - сказаў Уладзімір Андрэйчанка.-0-