Прэміі імя Ф. Скарыны і «Віцязь» заснаваны для СМІ ў Віцебскай вобласці
29 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі абласны выканаўчы камітэт заснаваў спецыяльныя прэміі для друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі вобласці. Аб гэтым паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама.
Друкаваныя выданні і іх журналісты, прызнаныя лепшымі, будуць узнагароджаны прэміяй імя Францыска Скарыны, а прадстаўнікі электронных СМІ будуць удастоены прэміі "Віцязь". Асноўнай мэтай конкурсу з'яўляецца далейшае садзейнічанне развіццю сродкаў масавай інфармацыі вобласці, павышэнне іх інфармацыйнай насычанасці, паглыбленне ідэйна-тэматычнага зместу, забеспячэнне крытычнасці і дзейснасці матэрыялаў, павышэнне прафесійнага ўзроўню журналістаў. Да ўдзелу ў конкурсе дапускаюцца друкаваныя і электронныя сродкі масавай інфармацыі вобласці, журналісты, у тым ліку ўласныя карэспандэнты рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі па Віцебскай вобласці. Пераможцаў будуць вызначаць у 6 намінацыях: "Лепшая абласная, аб'яднаная, гарадская газета"; "Лепшая раённая газета"; "Лепшая студыя тэлебачання (радыёвяшчання)"; "Лепшая аўтарская тэлерадыёпраграма"; "Лепшы газетны рэпартаж"; "Лепшы аглядальнік".
Асноўнымі крытэрыямі адбору пераможцаў сярод калектываў газет стануць усебаковае, аб'ектыўнае і аператыўнае асвятленне ходу рэалізацыі дзяржаўных праграм, вырашэння актуальных пытанняў эканамічнага і сацыяльнага жыцця вобласці; укараненне новых тэхналогій і перадавога вопыту ў эканамічнай і сацыяльнай сферах, кіраўніцкай дзейнасці; асвятленне праблем патрыятычнага, грамадзянскага і маральнага выхавання, рэалізацыі моладзевай палітыкі; папулярызацыі гістарычнай спадчыны беларускага народа, яго нацыянальных традыцый; актуальных пытанняў фарміравання здаровага ладу жыцця і сямейных каштоўнасцей; пытанняў аховы прыродных рэсурсаў і навакольнага асяроддзя. Памеры прэмій складуць ад 20 базавых велічынь у асабістых намінацыях да 200 базавых велічынь для лепшай абласной, аб'яднанай, гарадской газет (у цяперашні час адна базавая роўная Br35 тыс.).
У Віцебскай вобласці выдаецца больш за 60 газет, у тым ліку 25 дзяржаўных, працуюць уласныя карэспандэнты ўсіх дзяржаўных рэспубліканскіх газет, тэлекампаній.-0-