Прэмія імя Францыска Скарыны для журналістаў друкаваных СМІ заснована ў Віцебскай вобласці
5 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Віцебскі абласны выканаўчы камітэт засноўвае спецыяльныя прэміі для журналістаў. Пра гэта сёння на сустрэчы з прадстаўнікамі сродкаў масавай інфармацыі, прымеркаванай да Дня друку, паведаміў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Адна прэмія будзе насіць імя знакамітага земляка віцебскіх журналістаў Францыска Скарыны. Ёю будуць узнагароджвацца прадстаўнікі друкаваных СМІ. Для электронных СМІ засноўваецца прэмія "Віцязь". Па словах Аляксандра Косінца, гэтая прэмія носіць імя не легендарнага воіна, а вядомага віцебскага вытворцы электроннай тэхнікі.
Старшыня аблвыканкама даручыў упраўленню ідэалагічнай работы распрацаваць палажэнне аб прэміях. "Сродкі масавай інфармацыі не толькі даносяць інфармацыю, але і вучаць жыць у інфармацыйным свеце, фарміруюць ідэалогію дзяржавы, іх ролю нельга прымяншаць", - падкрэсліў Аляксандр Косінец. Па словах губернатара, матэрыяльнае напаўненне прэміі будзе значным.
У Віцебскай вобласці выдаюцца 60 газет, з іх 25 - дзяржаўныя. Аднаразовы тыраж друкаваных СМІ рэгіёна складае 179 тыс. экзэмпляраў. На адну тысячу жыхароў вобласці прыпадае 587 экзэмпляраў газет і часопісаў.-0-