Прэмія Саюзнай дзяржавы ў 2010 годзе ўпершыню можа быць уручана ўсім намінантам
12 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва ў 2009-2010 гадах павінна быць уручана ўсім намінантам. З такой прапановай выступілі сёння эксперты ў галіне музыкі і культуры, прадстаўнікі розных сродкаў масавай інфармацыі на творчай сустрэчы ў Віцебску з намінантамі на гэту высокую ўзнагароду, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Мерапрыемства было арганізавана Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы і выдавецтвам "Беларуская Энцыклапедыя імя П.Броўкі" ў рамках XVIII Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску".
У 2009-2010 гадах на суісканне ўзнагароды вылучаны чатыры намінанты: народны мастак і заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Леанід Шчамялёў за серыю работ "Палітра майго часу", якая складаецца з двух цыклаў "Дзеля жыцця на зямлі" і "Гісторыі звязваючая ніць"; пісьменнік і дзяржаўны дзеяч Беларусі Мікалай Чаргінец за творы "Вам - заданне" і "Сыны"; народныя мастакі СССР браты Сяргей і Аляксей Ткачовы за жывапісныя творы з цыкла "Родная зямля"; скультары - стваральнікі помніка Янкі Купалы ў Маскве (аўтары: Юрый Грыгор'еў, Леў і Сяргей Гумілеўскія) і помніка Аляксандру Пушкіну ў Мінску (Юрый Арэхаў (пасмяротна), Рыгор Арэхаў, Юрый Грыгор'еў).
Рашэннем экспертнага савета пры Пастаянным камітэце СД, у склад якога ўваходзяць вядомыя дзеячы культуры Беларусі і Расіі, прэмія прысуджаецца толькі тром намінантам. "Выбраць іх у гэты раз будзе вельмі складана, бо ўклад ва ўмацаванне адносін братэрства, дружбы і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй кожнага з прэтэндэнтаў у гэты раз у роўнай меры варты гэтай ганаровай узнагароды", - адзначыла на сустрэчы начальнік Дэпартамента сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Ірына Наркевіч. Змяніць умовы Палажэння аб прэміраванні нельга, аднак калі прапанова, якая прагучала сёння, будзе больш шырока падтрымана прадстаўнікамі грамадскасці, творчымі саюзамі і рознымі грамадскімі арганізацыямі дзвюх краін, то не выключана, што ў 2010 годзе ўпершыню прэмія СД будзе ўручана ўсім намінантам, дадала суразмоўніца.
Ірына Наркевіч таксама падкрэсліла, што навацыяй сёлетняга года стала ўрачыстае ўручэнне ганаровага дыплома Пастаяннага камітэта СД усім намінантам на прэмію. Гэта падкрэслівае іх высокі статус і ўклад у інтэграцыю сувязей двух братніх народаў.
Прэмія СД у галіне літаратуры і мастацтва ўручаецца з 2002 года адзін раз на два гады. За гэты час яе лаўрэатамі сталі 12 вядомых дзеячаў культуры. Характэрна, што шэсць з іх - гэта грамадзяне Беларусі і шэсць - расіяне. Грашовы эквівалент узнагароды роўны 1250-кратнаму мінімальнаму памеру аплаты працы ў Расіі (у гэтым годзе гэта складзе каля $100 тыс.).-0-