Сяргей Румас: Полацкі раён – прамысловы рэгіён з патэнцыялам далейшага росту

Полацкі раён – прамысловы рэгіён з патэнцыялам далейшага росту. Такое меркаванне выказаў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас падчас пасяджэння Полацкага райвыканкама.

Полацк уваходзіць у лік 11 гарадоў з колькасцю насельніцтва звыш 80 тыс. чалавек. Па іх ёсць асобнае даручэнне кіраўніка дзяржавы, якое было агучана ў красавіку, аб тым, што дзяржава павінна першачарговую ўвагу надаваць такім гарадам і надаць дадатковы імпульс іх развіццю. "Ужо ёсць план мерапрыемстваў па развіцці сярэдніх гарадоў, у бліжэйшы час адбудзецца нарада ў Прэзідэнта па развіцці гэтых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. Тры з іх знаходзяцца ў Віцебскай вобласці - Орша, Полацк і Наваполацк", - сказаў кіраўнік урада.

Рашэннем Віцебскага аблвыканкама быў зацверджаны комплексны план паскоранага развіцця Полацкага раёна на 2019-2020 гады. Ён уключае 18 раздзелаў, якія змяшчаюць 248 мерапрыемстваў. За студзень-верасень гэтага года на частковую іх рэалізацыю патрачана Br120,2 млн. Прэм'ер-міністр нацэліў усіх кіраўнікоў рэгіёну паспяхова выканаць гэту праграму.

"У Полацкім раёне ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя, на жаль, вышэй, чым у сярэднім па краіне і вобласці. Разам з тым у рэгіёне ёсць станоўчыя прыклады стварэння новых вытворчасцей і працоўных месцаў. Сярод іх "Полацк-ААТ Шкловалакно", ТАА "КімаБел", СТАА "Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый", - сказаў Сяргей Румас.

Падчас рабочай паездкі з кіраўніцтвам Наваполацкага завода тэхналагічных металаканструкцый ён абмеркаваў сістэмныя меры, якія трэба прыняць для прыцягнення інвестараў, стварэння новых вытворчасцей. "У Полацкім раёне дастаткова неабходных плошчаў. Ён з'яўляецца добрым прамысловым рэгіёнам, у яго ёсць патэнцыял для далейшага росту", - дадаў прэм'ер-міністр.

Сяргей Румас падчас наведвання прадпрыемства

Наваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцыйНаваполацкі завод тэхналагічных металаканструкцый

Сяргей Румас таксама звярнуў увагу кіраўнікоў усіх арганізацый раёна на неабходнасць выйсці па выніках года на сярэднямесячную зарплату не менш як Br500. Пакуль у рэгіёне сем прадпрыемстваў плацяць ніжэй за гэты паказчык. Таксама кіраўнік урада завастрыў увагу мясцовай улады на неабходнасці пастаянна падтрымліваць дарогі ў добрым стане. Гэтае пытанне актуальнае для мясцовых жыхароў, яно рэгулярна ўзнімаецца ў зваротах грамадзян.

БЕЛТА.