Прэм'ера фільма "Першадрукар" адбудзецца ў Дзень беларускага пісьменства ў Полацку

Прэм'ера дакументальнага фільма "Першадрук" да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання адбудзецца ў Дзень беларускага пісьменства 3 верасня ў Полацку, паведамілі ў Міністэрстве культуры Беларусі.

Фільм зняты на Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" рэжысёрам Ігарам Чышчэнем. Паказ у кінатэатры "Радзіма" пачнецца а 11.00. У гэты ж дзень працу беларускіх кінадакументалістаў змогуць убачыць тэлегледачы канала "Беларусь 3". У эфіры фільм заяўлены а 10.00. Гледачы беларускай сталіцы атрымаюць магчымасць азнаёміцца з карцінай 4 верасня а 14.30 у Доме кіно. Карціна здымалася на тэрыторыі чатырох краін: у Беларусі (Мінск, Полацк, Вілейка), Польшчы (Кракаў), Чэхіі (Прага) і Расіі (Санкт-Пецярбург). Яна паказвае жыццёвы шлях беларускага першадрукара, прапануе прайсці яго дарогамі.

Аўтар сцэнарыя Уладзімір Мароз і рэжысёр Ігар Чышчэня раскрываюць асобу вялікага першадрукара ў кантэксце сучаснасці. Мэтай стваральнікаў было не проста расказаць біяграфію Скарыны, а паказаць, што яго ідэі і прынцыпы жывуць сёння. Акрамя працы сцэнарыста і рэжысёра кінакрытыкі адзначаюць здымкі аператара Аляксандра Аковіцкага і музыку, спецыяльна напісаную да фільма Аляксандрам Круцелем.

БЕЛТА.