Прэм'ера фільма «Шагал – Малевіч» Аляксандра Міты адбудзецца ў Віцебску 3 красавіка
Адначасова з многімі гарадамі Беларусі, Расіі і некаторых краін Еўропы першы паказ фільма пройдзе ў Віцебску ў Доме кіно, але ўдзельнікі здымак і тыя, хто дапамагаў ім ажыццявіцца, убачаць фільм напярэдадні. Як вядома, усе натурныя здымкі стужкі праходзілі на радзіме Марка Шагала ў жніўні-верасня 2012 года.
Многія гараджане прымалі ўдзел у масоўках, а некаторыя нават атрымалі невялікія ролі. На прэм'еру прыедуць Аляксандр Міта і выканаўцы галоўных роляў. Пра гэта расказала на прэс-канферэнцыі навуковы кансультант фільма, куратар яго пракату ў Беларусі Валянціна Кірылава. Яна ўжо бачыла карціну, дзве траціны тытраў якой складаюць падзякі ўладам, арганізацыям, жыхарам Віцебска.
Пакуль не вызначаны жанр фільма, назва ж мянялася двойчы. Спачатку былі варыянты «Камісар Шагал і грамадзянін Малевіч», «Міракль пра Шагала», але прыняты быў «Шагал – Малевіч», які, па перакананні рэжысёра, найбольш дакладна адлюстроўвае задумку карціны.
Асновай сюжэта, як напісана ў анатацыі, стала гісторыя самазабыўнай любові Бэлы Шагал, жонкі вялікага мастака, якая працякае на фоне гістарычнай дуэлі яе мужа са сваім геніяльным сучаснікам-антыподам Казімірам Малевічам і іншай, яшчэ больш адчайнай барацьбы за сэрца Бэлы з сябрам дзяцінства, а цяпер чырвоным камісарам Навумам. Гэты любоўны трохкутнік прыдумаў сам Аляксандр Міта, астатнія ж калізіі заснаваны на рэальных фактах.
Дзеянне фільма пачынаецца з моманту, калі малады Марк Шагал прыязджае ў родны Віцебск з Парыжа. Ён плануе пабыць усяго некалькі месяцаў, але рэвалюцыя і пачынаючаяся грамадзянская вайна мяняюць яго планы. Шагал ажаніцца са сваёй каханай Белай Разенфельд і адкрывае ў Віцебску мастацкую школу авангарднага жывапісу. Менавіта туды ён запрашае выкладаць заснавальніка супрэматызму Казіміра Малевіча. З-за канфлікту паміж мастакамі Шагал пакідае створаную ім школу.
Фільм здымаўся пад наглядам унучкі мастака Мэрэт Мэер-Грабер. Яна сустракалася са здымачнай групай, Аляксандр Міта сцвярджаў з ёй чарнавы мантаж карціны. Мэрэт Мэер-Грабер адзначыла неверагоднае падабенства са сваёй бабуляй выканаўцы ролі Бэлы актрысы Крысціны Шнайдэрман. У кінастужцы з дазволу Шагалаўскага камітэта ў Парыжы выкарыстаны копіі палотнаў Шагала і Малевіча, якія вырабілі віцебскія мастакі. Акрамя таго, узнаўлены і пераведзены ў аб'ём фатаграфіі і паштоўкі з відамі дарэвалюцыйнага Віцебска. Музыку да фільма напісаў кампазітар Аляксей Айгі, які як музыкант і мастак прымаў удзел у першым пленэры «Малевіч. УНОВІС. Сучаснасць», які праходзіў у Віцебску ў 1994 годзе.
Як адзначыла Валянціна Кірылава, паказ карціны «Шагал – Малевіч» ўключаны ў культурную праграму чэмпіянату свету па хакеі, для замежнікаў выраблены афішы на англійскай мове. Да дэманстрацыі фільма прымеркуюць выставу касцюмаў, рэквізіту, работ мастакоў, якія былі задзейнічаны ў здымках. Увойдзе стужка і ў кінапраграму «Славянскага базару».
– Хутка ў горадзе на Дзвіне пачнуцца новыя здымкі, – заявіла Валянціна Кірылава.
Аляксандр Мітта і іншыя рэжысёры плануюць стварыць серыю фільмаў пра гісторыю рускага мастацкага авангарда, якія не абыдуцца без віцебскіх сюжэтаў.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"