Прэм'ера "Гарольд і Мод" адбудзецца ў коласаўскім тэатры ў Віцебску
Прэм'ера спектакля "Гарольд і Мод" па аднайменным творы Каліна Хігінса адбудзецца сёння ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Як паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў тэатры, сцэнічнае дзеянне адбываецца на круцярнай сцэне пад акампанемент раяля і суправаджаецца харэаграфічнымі нумарамі.
Пастаноўку самай вядомай п'есы амерыканскага драматурга, сцэнарыста і кінарэжысёра аўстралійскага паходжання Каліна Хігінса на віцебскай сцэне ажыццявіў сталічны рэжысёр, мастацкі кіраўнік Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача Уладзімір Савіцкі. Гэта не першы вопыт працы пастаноўшчыка з коласаўскай трупай: Савіцкі паставіў у Віцебску такія спектаклі, як "Ветрагоны" У.Голубка і "Апошнія сведкі" С. Алексіевіч.
У інтэрпрэтацыі Уладзіміра Савіцкага гісторыя пра адзіноту ператварылася ў лірычную камедыю пра маладога чалавека Гаральда Чэйзана і яго спосабы выказвання свайго "я". Занепакоеная бунтарскімі выхадкамі юнака маці спрабуе знайсці яму нявесту. А Гарольд тым часам знаёміцца з дзіўнай, адзінокай дамай Мод, якая таксама не жадае быць "як усе". Яе шчырыя ўчынкі і бясконцая любоў да жыцця захапляюць маладога чалавека. Мод адкрывае Гарольду новы свет прыгажосці і радасці. "Спектакль прасякнуты лірычнасцю, рамантыкай і вострым гумарам. Пазітыўную атмасферу спектакля ствараюць яркія дэкарацыі і касцюмы, спектакль насычаны музыкай і танцамі", - распавялі ў тэатры.
Галоўныя ролі ў спектаклі выконваюць Яўген Бераснёў і Галіна Букаціна, у пастаноўцы задзейнічаны Анжаліка Баркоўская, Вольга Куляшова, Георгій Лойка, Вячаслаў Грушоў, Пётр Ламан, Анастасія Чыстабаева і інш.
Алена Ціханава