Прэм'ерны спектакль новага мастацкага кіраўніка тэатра Я. Коласа ацэняць сёння віцябляне
10 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Я.Коласа ў Віцебску сёння адбудзецца прэм'ера спектакля "Мудрацы...". Гэта першая пастаноўка лаўрэата міжнародных тэатральных фестываляў Рыда Таліпава ў якасці мастацкага кіраўніка коласаўскага тэатра, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурнай часткай тэатра Святлана Дашкевіч.
Сюжэт спектакля вядомы, бо твор Аляксандра Астроўскага "На ўсякага мудраца хапае прастаты" вывучаюць у школе. У выкладзе Рыда Таліпава ён атрымаўся ў жанры сатырычнага рэалізму. Пры гэтым у пэўнай ступені спектакль можна назваць творчым эксперыментам, бо новы мастацкі кіраўнік задзейнічаў коласаўцаў, з якімі раней ніколі не працаваў. Так, у ролі галоўнага героя Глумава - малады акцёр Юрый Гапееў. Круціцкага іграе найстарэйшы артыст віцебскага тэатра - Тадэвуш Кокштыс. У іншых ролях - Вольга Куляшова (Мамаева), Аляксандр Фролаў (Мамаеў), Раіса Грыбовіч (Глумава), Аляксандр Базук (Гарадулін), Ніна Абухава (Машанька) і інш.
Рыд Таліпаў пачаў супрацоўнічаць з коласаўскім тэатрам у 2002 годзе і паставіў на яго сцэне спектаклі "Кацярына Іванаўна" Леаніда Андрэева і "Васа" Максіма Горкага з народнай артысткай Беларусі Святланай Акружной у галоўных ролях.-0-