Коласаўскі тэатр у Віцебску завяршае кастрычнік прэм'ерай «Легенда пра каханне»
31 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Прэм'ерай спектакля "Легенда пра каханне" завяршае кастрычнік коласаўскі тэатр у Віцебску, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурнай часткай Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа Святлана Дашкевіч.
"Легенда пра каханне" пастаўлена рэжысёрам тэатра Юрыем Лізенгевічам па матывах драмы-феерыі Лесі Украінкі "Лясная песня". Сцэнограф з Мінска Валянціна Праўдзіна стварыла ў пастаноўцы ірэальны свет, у якім сустракаюцца лясная русалка Маўка (Вікторыя Грыева) і вясковы хлопец Лукаш (Максім Коржыцкі). Размову з гледачамі ў спектаклі коласаўцы вядуць з пункту гледжання сучаснага чалавека, які шукае адказы на пытанні, як знайсці ўзаемаразуменне маладым людзям, выхаваным у розных умовах, ці можа сапраўднае пачуццё перамагчы традыцыйныя ўстоі.
Яшчэ адна падзея прыхільнікаў Мельпамены чакае 3 лістапада. У гэты дзень коласаўцы запрашаюць усіх у тэатральную гасцёўню адзначыць 130-ы дзень нараджэння Якуба Коласа, імя якога з 1944 года носіць тэатр, вечарам "Ад казак вечароў, ад песень дудароў". "Святкуем разам!" - так гучыць запрашэнне. "На думку рэжысёра-пастаноўшчыка Міхаіла Краснабаева, усё самае важнае народны паэт Беларусі Якуб Колас сказаў свайму чытачу ў паэме "Сымон-музыка", таму менавіта гэтае творы лягло ў аснову першай часткі вечара", - адзначыла Святлана Дашкевіч.
Ролі коласаўскіх герояў сыграюць артысты тэатра. Ад імя аўтара і Сымона выступіць Міхаіл Краснабаеў, які дэбютаваў на коласаўскай сцэне ў галоўнай ролі спектакля "Сымон-музыка" ў 1985 годзе.
У другой частцы вечара дудар Васіль Шкіндэр і студэнцкае этнаграфічнае таварыства "Поўнач" прапануюць усім гасцям мерапрыемства атрымаць незабыўныя ўражанні, стаўшы ўдзельнікамі майстар-класа па народных танцах.-0-