Злачынная група выкрала з Віцебскага лакаматыўнага дэпо 150 кг медзі
5 красавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Злачынная група ўкрала з Віцебскага лакаматыўнага дэпо 150 кг медзі на Br7,5 млн. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік Віцебскага аддзела ўнутраных спраў на транспарце (АУС на т) Сяргей Стэльмах.
У сакавіку бягучага года начальнік электрамашыннага цэха Віцебскага лакаматыўнага дэпо ўстанавіў факт крадзяжу з памяшкання цэха 71 меднай секцыі абмоткі якара электрарухавіка агульным коштам больш за Br7,5 млн. У ходзе аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі Віцебскага АУС на т высветлілі, што зламыснікі праніклі ў службовае памяшканне, сарваўшы навясны замок з металічнай дзверы.
Цяпер трое падазроных у крадзяжы мужчын затрыманы. Асноўным арганізатарам сярод іх з'яўляецца 36-гадовы непрацуючы, раней асуджаны за згвалтаванне жыхар Віцебскага раёна. Ступень датычнасці двух яго памагатых, работнікаў чыгункі, устанаўліваецца. Матывам злачынства стала прага нажывы: каляровы метал члены злачыннай групы планавалі здаць перакупшчыкам. Асноўная частка выкрадзеных дэталей, схаваных на звалцы, канфіскавана.
У дачыненні да затрыманых узбуджана крымінальная справа па арт.205 Крымінальнага кодэкса Беларусі. Акрамя таго, ім трэба будзе пакрыць шкоду, прычыненую БЧ.