Прэзентацыі шасці фільмаў рэжысёраў Беларусі і Расіі адбудуцца на «Славянскім базары».

6 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прэзентацыі шасці беларускіх і расійскіх фільмаў адбудуцца ў дні Міжнароднага фестывалю мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску", паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі дырэктар унітарнага прадпрыемства "Кінавідэапракат" Віцебскага аблвыканкама Алена Матус, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Віцябляне і госці горада стануць першымі гледачамі расійскай драмы "Дах", знятай кіраўніком "Ералаша" Барысам Грачэўскім. Сацыяльная драма на вечную тэму "бацькі і дзеці" з'яўляецца яго першай рэжысёрскай працай у вялікім кіно. "Ён вельмі хацеў прысутнічаць на прэм'еры, але не зможа прыехаць з-за напружанага рабочага графіка", - сказала Алена Матус. Карціну будзе прадстаўляць аўтар музыкі да фільма кампазітар, заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Акадэмічнага вялікага канцэртнага аркстра імя Ю.Сіланцьева Аляксандр Клявіцкі. Афіцыйны пракат фільма "Дах" запланаваны на верасень бягучага года. Яшчэ адзін расійскі фільм - меладраму "Акме" - будзе прадстаўляць у Віцебску рэжысёр карціны Таццяна Янкевіч. Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" прэзентуе драму "Кадэт", баявік "Снайпер", псіхалагічную драму "Інсайт" і казку для дзяцей "Навагоднія прыгоды ў ліпені". Практычна ўсе карціны, за выключэннем "Снайпера", будуць упершыню паказаны ў Віцебску на вялікім экране. Аматараў кіно чакаюць шматлікія сюрпрызы ад віцебскіх кінапракатчыкаў, дадала Алена Матус. Маладых гледачоў і іх бацькоў перад фільмам "Навагоднія прыгоды ў ліпені" будуць сустракаць Дзед Мароз і Снягурка. Ёлка будзе ўпрыгожана васількамі - сімвалам "Славянскага базару". Акрамя таго, арганізатары падрыхтавалі навагоднія падарункі. Для ўдзелу ў прэзентацыі "Снайпера" прыцягваюцца вайскоўцы. Віцябляне таксама сустрэнуцца з адным з рэжысёраў фільма "Навагоднія прыгоды ў ліпені" Іванам Паўлавым і выканаўцам адной з галоўных роляў у фільме "Снайпер" Барысам Гергалавым. Прэзентацыі фільмаў пройдуць у Дні Беларусі і Расіі на "Славянскім базары ў Віцебску". Кінапаказы будуць арганізаваны ва ўсіх трох кінатэатрах горада, у тым ліку ў адзіным у краіне спецыялізаваным дзіцячым кінатэатры "Брыганціна".-0-