Прэзентацыя дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў упершыню пройдзе на выставе ў Віцебску

8 красавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прэзентацыя прадпрыемстваў лясной гаспадаркі і дрэваапрацоўчай галіны Віцебскай вобласці ўпершыню будзе арганізавана на 3-й міжрэгіянальнай будаўнічай выстаўцы "Дом і сад", якая пройдзе 16-18 красавіка ў абласным цэнтры. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі паведаміла дырэктар камунальнага кансалтынгавага унітарнага прадпрыемства "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу" Людміла Пракоф'ева, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Такое мерапрыемства дазволіць прадпрыемствам дзвюх галін прадэманстраваць свае магчымасці і намеціць шляхі развіцця з улікам спажывецкіх прыярытэтаў і пераваг. Акрамя таго, на выстаўцы будуць шырока прадстаўлены будаўнічыя прадпрыемствы, вытворцы будматэрыялаў, сістэм ацяплення, кандыцыянавання, садовага абсталявання і інвентару. Можна будзе азнаёміцца з сучаснымі тэхналагічнымі рашэннямі ў галіне будаўніцтва, унутранага і вонкавага аздаблення дамоў, ландшафтнага дызайну, набыць насенне, кветкі і дэкаратыўныя расліны. Цікавыя рашэнні з лёну для ўнутранага аздаблення дамоў і памяшканняў прадставіць Аршанскі льнокамбінат. Адначасова з будаўнічай выстаўкай будзе праведзена яшчэ адно мерапрыемства - выстаўка-кірмаш "Здароўе і прыгажосць", якая адбудзецца ўжо ў 5-ы раз. "Гэтыя два мерапрыемствы аб'яднаны вясновай тэматыкай, таму мы і вырашылі праводзіць іх сумесна, каб яны ўзаемадапаўнялі адно аднаго", - растлумачыла Людміла Пракоф'ева. Цікавасць да ўдзелу ў аб'яднаных выстаўках праявілі каля 50 прадпрыемстваў і арганізацый з усіх рэгіёнаў Беларусі. На выстаўцы "Здароўе і прыгажосць" наведвальнікам будуць прадстаўлены сучасныя метады лячэння і дыягностыкі, прадукцыя і паслугі, якія спрыяюць здароваму ладу жыцця. Спецыяльную праграму па пытаннях дыягностыкі дзіцячых захворванняў рыхтуюць лячэбныя ўстановы Віцебска. У праграме выстаўкі запланавана правядзенне семінара, прысвечанага пытанням аздараўлення. Арганізатарам выставак выступае Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу.-0-