Прэзентацыя эстафеты "Полымя міру" II Еўрапейскіх гульняў адбылася ў Мінску
У высокатэхналагічным парку віртуальнай рэальнасці Teleport VR арганізатары гульняў таксама прадставілі сам факел і форму факеланосцаў.
"У самім найменні эстафеты агню - "Полымя міру" - закладзена імкненне, перш за ўсё, аб'яднаць усе краіны Еўропы ў чэрвені на адной з самых буйных спартыўных падзей года. Сімвалічна, што прэзентацыя эстафеты праходзіць 6 красавіка - у Міжнародны дзень спорту на благо развіцця і міру", - адзначыў Георгій Катулін.
Ён прывітаў прысутнага на прэзентацыі трохразовага алімпійскага чэмпіёна па барацьбе Аляксандра Мядзведзя, які з'яўляецца факеланосцам маючага адбыцца спартыўнага форуму. У 1980 годзе на мінскім стадыёне "Дынама" легендарны барэц запаліў полымя летніх Алімпійскіх гульняў, спаборніцтвы па асобных відах спорту якіх праходзілі ў розных гарадах СССР.
Адным з важных атрыбутаў маючай адбыцца эстафеты агню з'яўляецца факел, які распрацаваны беларускім дызайнерам Юліяй Брайчук разам са спецыялістамі завода-вытворцы - ААТ "Навагрудскі завод газавай апаратуры". Факел вагой крыху больш за 1,7 кг і вышынёй у 81 см, выраблены з нержавеючай сталі. Факеланосцамі падчас эстафеты выступяць 450 чалавек - спартсмены, вядомыя прадстаўнікі культуры, навукі, мастацтва, грамадскія дзеячы, сярод якіх спявак Тэа, чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні Алена Белава, плывец паралімпійскай зборнай Аляксей Талай, легендарны беларускі сілач Вячаслаў Харанека, народны артыст Беларусі Уладзімір Гасцюхін.

Форма ўдзельнікаў эстафеты агню "Полымя міру" распрацавана беларускім дызайнерам Юліяй Латушкінай. Яна выканана ў традыцыйных светлых танах, сімвалізуе мір і чысціню намераў, што адпавядае ідэалам алімпійскага руху.
Старт эстафеты агню "Полымя міру" прызначаны на 3 мая ў Рыме, дзе будзе запалена полымя II Еўрапейскіх гульняў. Пасля факел з агнём кантынентальнага спартыўнага форуму адправіцца на гару Монблан - найвышэйшую кропку, на якую беларускія альпіністы паднімуць факел і сцяг Беларусі. Затым эстафета працягнецца па краінах Еўропы: Аўстрыі, Славеніі, Венгрыі, Славакіі, Чэхіі і Польшчы.
Свой шлях у Беларусі "Полымя міру" пачне ў Брэсце 12 мая. Далей факел пранясуць больш чым па 60 населеных пунктах ва ўсіх рэгіёнах краіны. У кожнай вобласці будзе прадуманы шасцідзённы маршрут. Па Беларусі полымя будзе падарожнічаць на працягу 50 дзён.
Фінішуе эстафета вынясеннем полымя на цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў 21 чэрвеня ў Мінску на стадыёне "Дынама".