Прэзентацыя фільма А. Сакурава пра Д. Шастаковіча пройдзе на музычным фестывалі ў Віцебску

3 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прэзентацыя дакументальнага фільма Аляксандра Сакурова "Альтовая саната. Дзмітрый Шастаковіч" адбудзецца сёння на XXII Міжнародным музычным фестывалі імя І.Салерцінскага, які праходзіць у Віцебску. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласной філармоніі. Прэзентацыя працы вялікага расійскага рэжысёра стане адным з цэнтральных мерапрыемстваў XII Навуковых чытанняў, прысвечаных Івану Салерцінскаму, якія адкрываюцца сёння. Прэзентаваць фільм будзе куратар віцебскага музычнага фестывалю, старшыня Санкт-Пецярбургскага фонду Д.Шастаковіча Дзмітрый Салерцінскі. Аляксандр Сакураў напісаў трагічны рэквіем па унікальным лёсе творцы. Біяграфія Дзмітрыя Шастаковіча, якая ўключала ў сябе найвострыя моманты сацыяльнага жыцця савецкай Расіі, стала нагодай і матэрыялам для абагульнення і разважання рэжысёра аб трагічным прызначэнні мастака. Акрамя таго, у навуковых чытаннях прымуць удзел заслужаны дзеяч мастацтваў Расіі, прафесар Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі Альбіна Кручыніна, выступленне якой будзе прысвечана старажытнарускай спеўнай культуры ў XX-XXI стагоддзях, дацэнты Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі Маргарыта Катунян і Ірына Віскова. У ходзе мерапрыемства адбудзецца сустрэча з Тамарай Фядотавай з Санкт-Пецярбурга, удавой вядомага мастака Саламона Гершова. Яе выступленне будзе прысвечана першай жонцы Саламона Гершова, пецярбургскай балерыне Веры Кастровіцкай, якая пакінула ўспаміны аб сумеснай працы з Іванам Салерцінскім. Эстафету дыялогаў аб культуры 4 снежня падхопяць XX Міжнародныя Шагалаўскія чытанні. Вынікі навуковых даследаванняў прадставяць на мерапрыемстве мастацтвазнаўцы з Беларусі, Расіі і Латвіі. У ходзе чытанняў адбудзецца прэзентацыя Санкт-Пецярбургскага выдавецтва "Віта Нова", якое спецыялізуецца на выпуску калекцыйных выданняў розных літаратурных напрамкаў. Так, у рамках выдавецкага праекта "Авангард на Няве" выпушчана 35 альбомаў па мастацтве, а віцебскі Музей Марка Шагала стаў адзіным у Беларусі ўладальнікам поўнай серыі кніг гэтага выдавецтва. Арганізатарамі навуковых чытанняў, прысвечаных І.Салерцінскаму, і Міжнародных Шагалаўскіх чытанняў, якія праводзяцца ў рамках міжнароднага музычнага форуму, выступаюць Віцебская абласная філармонія і Музей Марка Шагала.-0-