Прэзентацыя кнігі «Полацк – бацька беларускіх гарадоў» адбылася ў культурнай сталіцы Беларусі
26 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзентацыя кнігі "Полацк - бацька гарадоў беларускіх" адбылася ў культурнай сталіцы Беларусі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА адзін з аўтараў выдання, старшыня Полацкага зямляцтва ў Мінску, дырэктар радыёстанцыі "Беларусь", вядомы паэт і публіцыст, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі Навум Гальперовіч.
"Мы не выпадкова пачалі менавіта з Полацка, бо гэты горад - калыска нашай гісторыі і культуры, а сёлета ён носіць гордае імя культурнай сталіцы Беларусі", - адзначыў суразмоўца. А гэта значыць, што горад на ўвесь бліжэйшы год стаў пляцоўкай для выступленняў лепшых калектываў рэспублікі, выстаў работ мастакоў, правядзення фестываляў і іншых мерапрыемстваў. Навум Гальперовіч нагадаў, што ўдзельнікам праекта "Культурная сталіца Беларусі" можа стаць любы горад ці раён. Штогод гэтае званне будзе прысвойвацца новаму населенаму пункту. Такая ініцыятыва дазволіць жыхарам малых гарадоў далучыцца да культурных каштоўнасцей, пазнаёміцца з лепшымі ўзорамі беларускага мастацтва. "Полацку першаму выпала ганаровае права афіцыйна насіць такое званне. І гэта не дзіўна - кожны школьнік чуў пра Сафійскі сабор, Ефрасінню Полацкую і пра тое, якую ролю гуляў гэты горад у старажытнасці. Адным з гісторыка-культурных цэнтраў краіны Полацк застаецца і цяпер", - адзначыў Навум Гальперовіч.
"Новая кніга стала першай з серыі "Гарады і гістарычныя мясціны Беларусі", - адзначыла на прэзентацыі дырэктар выдавецтва "Пачатковая школа" Міністэрства адукацыі журналіст і сааўтар кнігі Наталля Ваніна. Першая прэзентацыя выдання адбылася ў Маскве на міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, затым з кнігай пазнаёміліся ўдзельнікі Дня пісьменства ў Хойніках. І вось урачыстая прэзентацыя унікальнага выдання адбылася ў Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання. Па словах дырэктара выдавецтва, новая серыя разлічана для пазашкольнага чытання вучняў. "Наш абавязак перадаць ім тыя маральныя каштоўнасці, якія спрадвеку існавалі на нашай зямлі: веданне сваёй гісторыі і вернасць сваёй краіне, працавітасць і жаданне творча развіваць тое, што зроблена да цябе", - расказала Наталля Ваніна. У планах выдавецтва ахапіць усе значныя і цікавыя рэгіёны, гарады і мястэчкі нашай Радзімы, каб дзеці атрымалі поўнае і сістэмнае ўяўленне пра Беларусь, яе культурную і гістарычную спадчыну.
У прэзентацыі прынялі ўдзел ганаровы грамадзянін Полацка пісьменнік і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны і герой ордэна Славы Алесь Савіцкі, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Сяргей Вечар, старшыня Полацкага гарвыканкама Уладзімір Тачыла, прадстаўнікі грамадскасці, настаўнікі, музейныя работнікі, вучні полацкіх школ і гімназій.-0-