Прэзентацыя кнігі віцебскага журналіста, пісьменніка Міхаіла Конана «Юргінія» адбылася ў абласной бібліятэцы
У сваім рамане Міхаіл Конан адлюстраваў велізарны пласт з жыцця хутаран Заходніх раёнаў Беларусі: пастараўся паказаць, як у рэальнасці праходзіла масавая калектывізацыя, раскулачванне, высяленне сялян, іх жыццё ў гады нямецкай акупацыі і пасляваенны час.
– Раней у беларускай літаратуры ніхто не раскрываў гэту тэму так праўдзіва. Гэтыя тэмы асвятляліся з камуністычнай пазіцыі, – расказаў Міхаіл Сямёнавіч. – Я напісаў так, як гэта было насамрэч у сялян, аднавяскоўцаў, хутаран.
Пісьменнік працаваў над кнігай практычна ўсё свядомае жыццё: каля паўвека па крупінках збіраў інфармацыю. Працаваў у Дзяржархіве па Віцебскай вобласці, асабіста гутарыў з відавочцамі падзей тых гадоў, дасканала вывучыў мясцовы дыялект (на якім потым загаварылі яго героі), імёны, характэрныя для заходнебеларускага рэгіёна, каляндарныя даты, этнаграфічныя традыцыі, побыт мясцовых сялян. У выніку гістарычны перыяд з жыцця заходніх сялян з 1933 па 1953 год у кнізе Міхаіла Конана атрымаўся адлюстраваным у дэталях. Гэта аднагалосна падкрэсліваюць філолагі і гісторыкі, як і тое, што чытаецца раман на адным дыханні, нібыта вострасюжэтны дэтэктыў. Гэты смелы раман, шчыры і праўдзівы, на думку спецыялістаў, – проста скарбніца народнай мудрасці.
Як адзначыў рэдактар кнігі Пётр Ламан, апісаны ў рамане перыяд недастаткова даследаваны ў беларускай літаратуры. Міхаіл Конан адлюстроўвае яго праз светапогляд простых сялян, раскрываючы тэму на прыкладзе лёсу сям'і галоўнага героя – Лявона Жыгулы, яго жонкі Усцінні, землякоў і родні. Апісваючы працэс раскулачвання самых гаспадарлівых сялян, якіх высылалі ў нежылыя, суровыя месцы на пагібель ад непад'ёмнай працы, аўтар перадаў трагедыю цэлага пакалення. Ярка, эмацыйна і лірычна Конан апісвае віды беларускай прыроды, сцэны хутарскога і вясковага побыту. А «юргінія» (георгіна) – рэдкая па тых часах кветка – з'яўляецца для аўтара вобразам Заходняй часткі Беларусі.
Раман «Юргінія», выдадзены ў 2014 годзе невялікім тыражом – усяго 50 тысяч экзэмпляраў, напісаны на маляўнічай беларускай мове, праз увесь раман выразна прасочваецца неабыякавае стаўленне аўтара да таго, што адбываецца.
Пісьменніцкі дар у Міхаіла Конана праявіўся ў школьныя гады: будучы шасцікласнікам школы вёскі Крыпулі Докшыцкага раёна, ён напісаў заметку ў раённую газету. Пасля школы Міхаіл атрымаў спецыяльнасць трактарыста-машыніста, займаўся будаўніцтвам мастоў і дарог, пасля службы ў арміі будаваў на Волзе Саратаўскую ГЭС, працаваў на заводах у Паўладары ў Казахстане, там жа вучыўся на факультэце рускай філалогіі ў педагагічным інстытуце. Вярнуўшыся на радзіму, не адразу знайшоў сябе: працаваў на прадпрыемстве «Вістан», нават служыў у міліцыі, а затым, скончыўшы факультэт журналістыкі БДУ, стаў супрацоўнікам рэдакцыі абласной газеты «Віцебскі рабочы». Каля пятнаццаці гадоў Міхаіл Сямёнавіч працаваў у гарадской газеце «Віцьбічы», пісаў на самыя розныя тэмы, у тым ліку асвятляў надзённыя праблемы ў сферы жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Былыя калегі адгукаюцца пра Міхаіла Сямёнавіча як пра чалавека, апантанага працай, неверагодна працаздольнага, які проста не ўмее адпачываць. Тым не менш, праца не перашкодзіла яму выгадаваць траіх дзяцей, цяпер ён разам з жонкай – Любоўю Маркаўнай, якая ўсе гэтыя гады была побач з ім, гадуе ўнукаў і праўнукаў.
Таццяна Салаўёва,"Віцьбічы"