Прэзентацыя калекцыі ільнянога адзення і спаборніцтва па спочану: як адзначылі 80-годдзе раёна ў Шаркаўшчыне

Презентация коллекции льняной одежды и состязание по спочану: как отметили 80-летие района в Шарковщине
У Шаркаўшчыне адзначылі 80-годдзе з дня заснавання раёна. Святочная праграма была ўмоўна падзелена на шэсць тэматычных блокаў, пасля завяршэння якіх на экране каля сцэны з шасці пазлаў склалася карта краю над Дзісной.

Шаркаўшчынскі раён быў створаны ў студзені 1940 года. На яго тэрыторыі налічвалася 14 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак. У выніку рэформ адны сельсаветы скасоўваліся, іншыя укрупняліся. Сёння іх засталося шэсць. Кожны з іх мае нямала славутасцяў, але разам яны – неаддзельныя складнікі роднага краю. «Мы – адзінае цэлае» – менавіта так называўся адзін з першых нумароў святочнай праграмы.

 Упрыгожаннем канцэрта стала прэзентацыя калекцыі ільнянога адзення, дэкарыраванага саломкай, – «Матывы малой радзімы». Яе прадставілі майстры раённага Цэнтра рамёстваў і іх вучні. Выхаванцы фізкультурна-спартыўнага клуба «Шаркаўшчына» інсцэніравалі невялікае спаборніцтва па спочане.

Не маглі шаркаўчане не ўзгадаць пра Вялікую Айчынную вайну, якая пакінула ў сэрцах людзей незагойныя раны.

– Мы схіляемся перад землякамі, якія змагаліся на франтах, адстойваючы свабоду і незалежнасць Радзімы. Мы ганарымся тымі, хто сваім майстэрствам, талентам, працавітасцю унёс значны ўклад у развіццё і прымнажэнне славы рэгіёна, – адзначыў старшыня Шаркаўшчынскага райвыканкама Дзмітрый Ламака.

За значны асабісты ўклад у развіццё і станаўленне Шаркаўшчынскага раёна, актыўную жыццёвую пазіцыю ён уручыў падзяку дваццаці пяці ветэранам працы, а таксама павіншаваў вучняў, удастоеных звання «Вучань года», прызёраў раённых і абласных прадметных алімпіяд.

 За восем гадоў з моманту заснавання звання «Чалавек года Шаркаўшчыны» яго атрымалі 117 жыхароў краю. На свяце ўшанавалі яшчэ 14 чалавек, удастоеных гэтага звання. У ліку ўзнагароджаных – работнікі аграпрамысловага комплексу, культуры, аховы здароўя, педагогі.

– Мінулае, сучаснае і будучыня звязаны нябачнымі ніткамі, – адзначыў Дзмітрый Ламака. – Жадаю, каб у Шаркаўшчынскім раёне наперадзе было шмат значных падзей. Гэта магчыма толькі пры ўмове, калі кожны з нас будзе адчуваць асабістую адказнасць за лёс малой радзімы, працаваць прафесійна і эфектыўна.

Дзмітрый Міхайлавіч падкрэсліў, што ў раёне забяспечана станоўчая дынаміка ў сацыяльнай і вытворчай сферах. Вядуцца рэканструкцыя, тэхнічнае пераўзбраенне сельскагаспадарчых аб'ектаў, асвойваюцца новыя віды паслуг, уцягваюцца ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемыя аб'екты нерухомасці, адкрываюцца новыя гандлёвыя аб'екты, ствараюцца прадпрыемствы.

У мінулым годзе раён выйшаў на чысты прыбытак. У параўнанні з 2018-м было выраблена больш сельскагаспадарчай прадукцыі, прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал, прададзена тавараў насельніцтву, пастаўлена на экспарт тавараў і паслуг, атрымана выручкі ад рэалізацыі прадукцыі. Павялічылася колькасць суб'ектаў малога і сярэдняга бізнесу. Дарэчы, чатыры гады запар раён выконвае заданне па колькасці працаўладкаваных грамадзян на створаныя новыя працоўныя месцы.

"Віцебскія весці".