Прэзентацыя Аршанскага раёна і моладзевы конкурс прафмайстэрства. Што новага прапануе Міжнародны эканамічны форум у Віцебску?
Арганізатары, мадэрнізаваўшы фармат мерапрыемства ў 2018-м, маюць намер і надалей павышаць якасць дзелавой праграмы галоўнай эканамічнай падзеі года Віцебскай вобласці, прапанаваўшы ўдзельнікам шэраг актуальных тэм для дыскусій і новыя тэматычныя пляцоўкі.
Арганізатары ўзялі курс на пазіцыянаванне Міжнароднага эканамічнага форуму ў Віцебску як ідэальнай пляцоўкі для пачатку партнёрства, анансаваць праекты на якой прэстыжна і значна.
Адной з галоўных яго асаблівасцей сёлета стане тэматычная прэзентацыя вытворчага і лагістычнага патэнцыялу Аршанскага раёна.
Па словах старшыні камітэта эканомікі аблвыканкама Анжалікі Нікіцінай, для гэтага будзе сфарміравана асобная экспазіцыя і запланавана правядзенне панэльнай дыскусіі «Аршанскі раён – тэрыторыя для бізнесу».
Гэта дазволіць акцэнтавана прадставіць замежнай аўдыторыі форуму прэферэнцыйны рэжым рэгіёна па Указе №506, меры па фінансавай падтрымцы суб'ектаў гаспадарання, стымуляванні інвестыцыйнай дзейнасці, прапісаныя ў Праграме развіцця Аршанскага раёна на перыяд да 2023 года.
Таксама будуць дэманстравацца інавацыйныя прадукты і вытворчыя магчымасці дзеючых прадпрыемстваў, у тым ліку па развіцці кааперацыі з зацікаўленымі партнёрамі, невыкарыстоўваемыя завадскія будынкі і збудаванні, падрыхтаваныя для арганізацыі бізнесу і рэалізацыі інвестыцыйных праектаў.
Упершыню будзе арганізавана прэзентацыя асаблівай эканамічнай зоны “Брэміна-Орша”, створанай па Указе №106 ад 21 сакавіка 2019 года, умоў дзейнасці ў рамках АЭЗ, магчымасцей партнёрства і прыцягнення інвестараў для вядзення вытворчай дзейнасці на плошчах мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу ў Балбасава.
Пры гэтым традыцыя прадстаўлення ў ходзе форуму дасягненняў і магчымасцей усіх раёнаў вобласці будзе захавана, адзначыла Анжаліка Нікіціна. Стварэнне і прасоўванне інавацыйных тэхналогій, вытворчая кааперацыя, развіццё экспартнага патэнцыялу застаюцца сярод ключавых тэм форуму. На гэты раз арганізатары прапанавалі дадаць у рэгіянальныя экспазіцыі і прэзентацыі прадпрыемстваў пытанне імпартазамяшчэння.
Упершыню плануецца арганізаваць павільён тавараў і паслуг замежных удзельнікаў форуму, дзе яны змогуць заявіць аб сваіх інавацыйных распрацоўках і прапановах па развіцці кааперацыйных сувязяў з патэнцыйнымі беларускімі партнёрамі.
Як адзначыла дырэктар ККУП «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу» Ірына Макаранка, найбольш актыўны інтарэс да супрацоўніцтва праяўляюць расійскія рэгіёны. У прыватнасці, Саратаўскую і Тульскую вобласці будуць прадстаўляць не толькі афіцыйныя дэлегацыі органаў улады, але і бізнесу.
Арганізатары прапануюць удзельнікам форуму абмеркаваць праблемныя пытанні, абмяняцца думкамі ў ходзе некалькіх панэльных дыскусій: «Міжрэгіянальнае супрацоўніцтва ў эканамічнай сферы. Вопыт і перспектывы», «Электронныя гандлёвыя пляцоўкі для бізнесу», «Энергазберажэнне ў прамысловасці і будаўніцтве», «СЭЗ – перспектыўныя пляцоўкі рэалізацыі праектаў», «Вопыт і перспектывы міжрэгіянальнага турызму».
Упершыню на форуме плануецца правесці моладзевы конкурс прафесійнага майстэрства.
Сярод навінак таксама — тэматычныя пляцоўкі «Арт-Авангард» і «Эйр Мьюзік» для дэманстрацыі крэатыўнасці і творчага патэнцыялу віцябчан як аднаго з фактараў павышэння канкурэнтаздольнасці рэгіёну. Задзейнічаныя там творчыя калектывы і музыканты да таго ж дапамогуць ствараць спрыяльную атмасферу для дзелавых зносін.
Арганізатарамі Міжнароднага эканамічнага форуму «Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы» выступаюць абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, ККУП «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу», адміністрацыя СЭЗ «Віцебск», Віцебскае аддзяленне БелГПП, Віцебскі абласны саюз наймальнікаў.