Прэзентацыя зборніка дакументаў "Віцебшчына вызваленая. 1943-1945" пройдзе 23 чэрвеня ў Віцебску

21 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прэзентацыя зборніка дакументаў "Віцебшчына вызваленая. 1943-1945", падрыхтаванага да 65-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пройдзе 23 чэрвеня ў Віцебску. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў абласным архіве. У зборніку прадстаўлены архіўныя матэрыялы аб гісторыі аднаўлення мірнага жыцця ў Прыдзвінскім краі, якія адлюстроўваюць падзеі на тэрыторыі вобласці ў кастрычніку 1943 - снежні 1945 гадоў. Праект рэалізуецца сумесна з Нацыянальным архівам Беларусі і адкрые запланаваную да друку серыю зборнікаў дакументаў з трох кніг, аб'яднаных назвай "Памяць Віцебшчыны". Усяго ў зборнік "Віцебшчына вызваленая. 1943 - 1945" увайшло больш за 130 дакументаў, у тым ліку 25 матэрыялаў з фондаў Нацыянальнага архіва Беларусі, 2 дакументы з фондаў Дзяржаўнага архіва Расійскай Федэрацыі. Большасць дакументаў малавядомыя і публікуюцца ўпершыню. Выданне праілюстравана фотаздымкамі з Беларускага дзяржаўнага архіва кіна-, фота-, фонадакументаў і музейных устаноў вобласці. Захаванне і папулярызацыя дакументальнай спадчыны, якая адлюстроўвае гісторыю Вялікай Айчыннай вайны і першых гадоў мірнага жыцця, набывае сёння асаблівую актуальнасць у сувязі з тым, што, на жаль, усё менш застаецца жывых удзельнікаў тых падзей, адзначылі ў архіве. У зборнік увайшлі дакументы, якія сведчаць аб мерапрыемствах па ўсталяванні парадку ў вызваленых гарадах і сельскай мясцовасці, аб мерах па аднаўленні прамысловасці, сельскай гаспадаркі, транспартных зносін, сувязі і іншых жыццезабеспячэння. Таксама тут можна будзе даведацца аб арганізацыі працэсу вяртання жыхароў вобласці, вывезеных у Германію і Аўстрыю. Асаблівая ўвага ў выданні нададзена матэрыялам аб ходзе работ па размініраванні тэрыторыі вобласці, расследаванні злачынстваў захопнікаў і прычыненай імі шкоды. На Віцебшчыне падчас вайны было знішчана звыш 4,8 тыс. будынкаў прамысловага і вытворчага прызначэння, каля 1,5 тыс. школьных і дзіцячых устаноў, 205 бальнічных будынкаў, больш за 1,1 тыс. клубаў, тэатраў і кінатэатраў. З 213 прадпрыемстваў саюзнага і рэспубліканскага значэння захавалася ўсяго два. Загінуў кожны трэці жыхар вобласці. З 628 населеных пунктаў Беларусі, спаленых разам з людзьмі, 221 знаходзіўся на Віцебшчыне. Амаль 70 тыс. жыхароў вобласці было згнана ў Германію. Дзяржаўная Надзвычайная Камісія ацаніла шкоду, прычыненую нямецка-фашысцкімі захопнікамі грамадзянам, прадпрыемствам, дзяржаўным і грамадскім арганізацыям Віцебшчыны, у суму, якая перавышае 25 млрд. рублёў у цэнах 1941 года.-0-