Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму

Лукашэнка: народ Беларусі зрабіў выбар на карысць эвалюцыйных пераўтварэнняў палітычнай сістэмы. Прэзідэнт заявіў пра гэта на ўрачыстай цырымоніі падпісання рашэння рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю. Звяртаючыся да яе ўдзельнікаў, а ў іх асобе і да ўсяго беларускага народа, Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў:

– Мы ўпісалі новую старонку ў гісторыю суверэннай Беларусі. 27 лютага 2022 года адбыўся рэспубліканскі рэферэндум. Абсалютная большасць грамадзян падтрымала прапанаваныя канстытуцыйныя папраўкі. А гэта значыць, што падзея ўвойдзе ў падручнікі як чарговая веха развіцця суверэннай краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў сімвалічнасць таго факту, што абноўлены Асноўны Закон уступіць у сілу 15 сакавіка – у Дзень Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт заявіў:

– Народ Беларусі зрабіў свой выбар. Выбар на карысць эвалюцыйных пераўтварэнняў палітычнай сістэмы. Дэмакратычна, у адпаведнасці з нашымі беларускімі законамі. Народ праявіў мудрасць і нацыянальную сталасць. Ва ўмовах напружанай міжнароднай абстаноўкі, пагроз нашаму традыцыйнаму ладу жыцця мы зрабілі сур'ёзны крок на шляху ўмацавання суверэнітэту краіны. Зрабілі яго, абапіраючыся на ўласны досвед канстытуцыйнага рэфармавання, бяручы пад абарону спрадвечныя каштоўнасці, назапашаныя за шматвяковую гісторыю беларускага народа. Народа, які ў пераломныя моманты заўсёды рабіў выбар на карысць міру, стварэння і ўмацавання асноў нашай дзяржаўнасці.


Сведчанне таму, звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы, – вынікі папярэдніх рэферэндумаў:

– З той Канстытуцыяй, якую мы пісалі і ўдасканальвалі на досвітку станаўлення суверэннай Беларусі, мы многага дасягнулі… Дасягнулі нямала на фоне найскладанейшых геапалітычных трансфармацый свету практычна з нуля, стварылі збалансаваную і эфектыўную вертыкаль улады. З улікам грамадскага запыту сфарміравалі новыя структуры, скасавалі аджылыяіе інстытуты. Не раз аптымізавалі дзяржaпарат. У кароткія тэрміны нам удалося наладзіць дыпламатычныя і гандлёвыя сувязі. Умацаваць абарону Айчыны, якая ва ўмовах бясконцага знешняга ціску на Беларусь з'яўляецца гарантам спакойнага і бяспечнага жыцця.

Прэзідэнт адзначыў, што наша краіна стала ініцыятарам і актыўнай удзельніцай еўразійскай эканамічнай інтэграцыі, АДКБ, іншых міждзяржаўных утварэнняў:

– Сёння мы на роўных удасканальваем наш Саюз з Расіяй, вядзём дыялог з міжнароднымі партнёрамі. Займаем цвёрдую пазіцыю ў пытаннях суверэнітэту і бяспекі.

Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тым, што інвестарам і айчыннаму бізнесу ў Беларусі прапанаваны сумленныя і выгадныя ўмовы вядзення эканамічнай дзейнасці. У рэспубліцы створаны і функцыянуе шэраг паркаў з асаблівымі прэферэнцыйнымі рэжымамі. Прадпрымальнікі могуць быць спакойныя за сумленны і адказны перад дзяржавай і народам бізнес.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў важнасць традыцыйных для нашых людзей каштоўнасцей, якія замацоўваюцца абноўленым Асноўным Законам:

– Інстытут сям'і як каштоўнасць, а таксама дзеці, моладзь, старыя і інваліды знаходзяцца пад асаблівай апекай дзяржавы. Усё гэта – непарушны фундамент нашай дзяржаўнасці, выбудаваны нашымі рукамі. І тыя нормы, якія эфектыўна працавалі да гэтага часу, засталіся на старонках абноўленага Асноўнага Закона.

"СБ". Фота: БЕЛТА