Прэзідэнт Беларусі вызваліў ад адбыцця пакарання 9 актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў 19 снежня
11 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка памілаваў, вызваліўшы ад адбыцця пакарання, 9 чалавек са шматлікіх актыўных удзельнікаў масавых беспарадкаў на плошчы Незалежнасці 19 снежня 2010 года. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.
Рашэнне аб памілаванні прынята на падставе просьбаў названых асоб, з улікам таго, што яны ўсведамляюць супрацьпраўны характар сваіх дзеянняў, прызналі віну і шчыра раскаяліся.
Кіруючыся прынцыпамі гуманізму і справядлівасці, Прэзідэнт таксама вызваліў 25 арганізацый розных форм уласнасці і індывідуальных прадпрымальнікаў ад адміністрацыйных спагнанняў. Сярод іх - ААТ "ІНТЭГРАЛ", ААТ "Зеніт-БелАМО", ААТ "Аршанскі малочны камбінат" і іншыя прадпрыемствы, якія маюць важнае значэнне для развіцця краіны і асобных рэгіёнаў. Прынятае рашэнне палепшыць эканамічнае становішча гэтых арганізацый і індывідуальных прадпрымальнікаў і будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці іх працы.
Акрамя таго, кіраўніком дзяржавы прынята рашэнне аб вызваленні ад крымінальнай адказнасці 28 кіраўнікоў суб'ектаў гаспадарання, прадпрымальнікаў і грамадзян, якія добраахвотна і ў поўным аб'ёме пакрылі прычыненую злачынствамі шкоду дзяржаве і кампенсавалі шкоду ад іншых наступстваў сваіх злачынных дзеянняў.-0-