Прэзідэнт Беларусі ўнёс у Палату прадстаўнікоў праект закона аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем Перамогі

3 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сувязі з надыходам знамянальнай даты — 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне — Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект закона "Аб амністыі ў сувязі з 65-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў". Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы. Па папярэдніх разліках Міністэрства ўнутраных спраў, у выніку амністыі можа быць вызвалена з папраўчых устаноў закрытага тыпу каля 2230 чалавек, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу — каля 900 чалавек, скарочаны тэрмін пакарання 9300 асуджаным. Заканапраект прадугледжвае вызваленне ад крымінальнай адказнасці і пакарання непаўналетніх, цяжарных жанчын, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, асоб пенсійнага ўзросту, інвалідаў, хворых на актыўную форму туберкулёзу, ВІЧ-інфікаваных, ветэранаў баявых дзеянняў, удзельнікаў ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, асоб, якія атрымалі раненні пры выкананні абавязкаў у перыяд праходжання службы, якія здзейснілі злачынствы, што не адносяцца да катэгорыі цяжкіх. Ад пакарання ў выглядзе арышту, абмежавання волі, накіравання ў дысцыплінарную воінскую частку, пазбаўлення волі могуць быць вызвалены таксама іншыя катэгорыі асоб пры асуджэнні за злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі (да 2 гадоў пазбаўлення волі), а таксама пры асуджэнні да арышту — па-за залежнасцю ад тэрміну адбытага пакарання; за менш цяжкія злачынствы (да 6 гадоў пазбаўлення волі) — пры адбыцці не менш як адной чвэрці тэрміну пакарання. Пры гэтым асуджаныя, якія здзейснілі іншыя катэгорыі злачынстваў і не падлягаюць вызваленню ад далейшага адбыцця пакарання, вызваляюцца ад названых пакаранняў часткова тэрмінам на адзін год. Амністыя не распаўсюджваецца на асоб, да якіх раней ужываліся амністыя або памілаванне і якія зноў здзейснілі наўмыснае злачынства; а таксама на тых, хто не ў поўнай меры пакрыў прычыненую злачынствамі шкоду (за выключэннем названай "льготнай" катэгорыі асоб), злосна парушае ўстаноўлены парадак падчас адбыцця пакарання; прызнаных асабліва небяспечнымі рэцыдывістамі; асуджаных да пажыццёвага зняволення; якім смяротнае пакаранне або пажыццёвае зняволенне заменены іншым пакараннем; абвешчаных у вышук у сувязі з ухіленнем ад адбыцця пакарання; якія здзейснілі забойства, згвалтаванне, рабаванне або вымагальніцтва з кваліфікуючымі прыкметамі, а таксама бандытызм, тэрарызм, злачынствы супраць дзяржавы; якія стварылі злачынную арганізацыю або ўдзельнічалі ў ёй, альбо здзейснілі карупцыйныя злачынствы з карыслівай зацікаўленасці; прыцягнутых да крымінальнай адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янэння.-0-