Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон у Віцебску: візіт у Беларусь перасягнуў усе чаканні

Беларусь гатова ў любы момант зрабіць для Малдовы ўсё, што ў яе сілах. Пра гэта Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 13 ліпеня ў Віцебску на сустрэчы з Прэзідэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што з вялікай павагай ставіцца да Малдовы і яе народа. «Чамусьці ў Малдове кажуць: «Мы маленькая дзяржава, маленькі такі народ». Гэта вялікі народ, гэта нармальная па сярэднееўрапейскіх мерках дзяржава», – заявіў беларускі лідар.

Асаблівасцю візіту Ігара Дадона ў Беларусь стала наведванне шэрагу прадпрыемстваў і культурных аб'ектаў яшчэ да сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. «Вы паглядзелі Беларусь, вы яе, можна сказаць, памацалі ў прамысловасці, у сельскай гаспадарцы. Вы пабывалі на культурных аб'ектах, убачылі, як мы ставімся да памяці. Мы не піярымся або распавядаем, якія мы няшчасныя і як на вайне нам цяжка было. Мы захоўваем гэту памяць, – падкрэсліў Аляксандр Рыгоравіч і дадаў: – Ваша такая прэлюдыя да нашай сустрэчы – гэта вельмі каштоўна. Я з вамі магу размаўляць як з чалавекам, які спазнаў Беларусь».

У сваю чаргу Ігар Дадон прызнаўся, што візіт у Беларусь перавысіў усе яго чаканні. 
– Гэтыя паўтары сутак мне дазволілі памацаць тое, што я бачыў па тэлевізары. У мяне былі пэўныя чаканні, але ўсё, што я ўбачыў, нашмат вышэй за іх, – сказаў Ігар Дадон.

Прэзідэнта Малдовы падчас візіту суправаджае вялікая дэлегацыя, дарадцы па розных пытаннях. 
– Ёсць добрыя ідэі, якія датычацца і прамысловых прадпрыемстваў, і сельскай гаспадаркі. Думаю, што пасля гэтага рабочага візіту мы зможам падняць нашы двухбаковыя адносіны на якасна новы ўзровень, – перакананы ён.

Ігар Дадон адзначыў, што яшчэ да візіту шмат чытаў аб прадпрыемствах Беларусі, глядзеў аб іх рэпартажы, а днямі змог убачыць усё наяве. 
– Я вельмі рады, што вы змаглі гэта захаваць і падняць на новы ўзровень, – сказаў Прэзідэнт Малдовы. – Нам ёсць чаму павучыцца. Я кажу гэта шчыра, адкрыта. Я бачыў прадпрыемствы і ў Еўрапейскім саюзе, але той узровень, на які паднялася прамысловасць у Беларусі, для нас толькі мара на дадзеным этапе. Мы маем намер па некаторых напрамках больш паглыблена запусціць сумесныя праекты.

Ігар Дадон таксама звярнуў увагу на намаганні Беларусі па захаванні памяці аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны. 
– У нас агульны Пераможны шлях. Трэць беларусаў аддалі сваё жыццё для таго, каб мы разам перамаглі ў Вялікай Айчыннай вайне, – падкрэсліў ён і распавёў, што ў Малдове робяцца розныя спробы перапісаць гісторыю і нават перайменаваць Дзень Перамогі ў Дзень Еўропы. 
– Мы будзем і абавязаны абараніць 9 Мая для нашых дзяцей, унукаў і праўнукаў. Усё, што звязана з Вялікай Айчыннай вайной, для нас святое, – заявіў Прэзідэнт Малдовы.

Што тычыцца міжнароднага супрацоўніцтва, то, па словах Ігара Дадона, Малдова разлічвае атрымаць статус назіральніка ў Еўразійскім эканамічным саюзе ў кастрычніку на саміце кіраўнікоў дзяржаў – членаў арганізацыі. Гэта вельмі важны крок для краіны. 
– Малдове наканавана сябраваць з усімі – і з Захадам, і з Усходам. У нас іншых варыянтаў няма. Калі мы не адновім стратэгічнае партнёрства з нашымі традыцыйнымі партнёрамі, мы ў Малдове не выжывем, – адзначыў Ігар Дадон. 
– Таму я спадзяюся, што пазітыўная дынаміка ў супрацоўніцтве ў нас працягнецца і ў рамках міжнародных арганізацый.

Па матэрыялах БелТА.