Пры мадэрнізацыі неабходна максімальна ўлічваць прыродаахоўныя патрабаванні
Віцебскія экологи маюць намер патрабаваць выканання прыродаахоўных патрабаванняў пры мадэрнізацыі прадпрыемстваў, заявіў сёння журналістам старшыня Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Руслан Вінакураў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Наступны год стане ў Віцебскай вобласці годам маштабнай мадэрнізацыі ў прамысловасці, аграпрамысловым сектары. Таму задача экалогаў - дамагчыся, каб пры мадэрнізацыі былі максімальна ўлічаны прыродаахоўныя патрабаванні", - сказаў старшыня камітэта.
У 2012 годзе ў вобласці рэалізаваны мерапрыемствы па аптымізацыі тэхналагічнага абсталявання з ліквідацыяй 14 крыніц выкідаў. Наўзамен маральна і тэхнічна састарэлага абсталявання ўведзены ў эксплуатацыю шэсць адзінак, праведзена рэканструкцыя і мадэрнізацыя 15 адзінак тэхналагічных ліній і абсталявання. У выніку тэхнічнага пераўзбраення забяспечана скарачэнне выкідаў забруджвальных рэчываў у атмасфернае паветра больш чым на 140 т у год. З водаахоўных зон і прыбярэжных палос вынесены 31 экалагічна небяспечны аб'ект.
Разам з тым, на думку Руслана Вінакурова, у рэгіёне нямала праблем узнікае ў ахове атмасфернага паветра, водных і зямельных рэсурсаў. Экалогамі ў мінулым годзе абследавана амаль 20 тыс. тэрыторый розных аб'ектаў. У выніку абследаванняў выяўлена амаль 5,6 тыс. парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства. Спецыялістамі камітэта выяўлена і ліквідавана 1,1 тыс. несанкцыянаваных звалак. Па выніках аналітычнага кантролю факты перавышэння нарматываў дапушчальных скідванняў устаноўлены ў 41 выпадку на 21 прадпрыемстве, выяўлена 4 выпадкі парушэння ўмоў адвядзення сцёкавых вод у камунальныя каналізацыйныя сеткі. На думку экалогаў, недастатковая мадэрнізацыя і замена халадзільнага абсталявання на малочна-таварных фермах у некаторых раёнах вобласці прыводзіць там да найбольшага выкарыстання азонаразбуральных рэчываў у агульным аб'ёме.