Пры пажары ў інтэрнаце ў Аршанскім раёне выратавана жанчына-інвалід

11 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Тры чалавекі выратаваны на пажарах у Віцебскай вобласці за мінулыя суткі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. У горадзе Барань Аршанскага раёна супрацоўнікі МНС з пакоя ў інтэрнаце, які загарэўся, выратавалі жанчыну 1961 года нараджэння, інваліда 3-й групы. Пацярпелая з апёкамі частак цела рознай ступені цяжкасці і атручваннем прадуктамі гарэння шпіталізавана ў Аршанскую гарадскую бальніцу. Акрамя таго, ратавальнікі эвакуіравалі з суседніх пакояў інтэрната 5 чалавек. Усяго ў інтэрнаце, які належыць КУП "Аршалкамгас", пражывае 217 чалавек. Узгаранне адбылося ў пакоі на трэцім паверсе пяціпавярховага будынка, спрацавала аўтаномная пажарная сігналізацыя. У выніку здарэння ў пакоі выгараела маёмасць, пашкоджаны сцены, падлога і столь. Мяркуемай прычынай пажару разглядаецца неасцярожнасць пры курэнні жанчыны, якая пражывае ў пакоі. Прыкладна ў гэты ж час у Шуміліне супрацоўнікі МНС выратавалі з задымленай кватэры пенсіянера 1934 года нараджэння. Мужчына атрымаў атручванне прадуктамі гарэння і шпіталізаваны ў раённую бальніцу. Пры ліквідацыі здарэння ратавальнікамі эвакуіраваны тры чалавекі, якія пражываюць паверхам вышэй. Паведамленне аб здарэнні ў кватэры на другім паверсе трохпавярховага дома паступіла ад суседзяў. У выніку пажару пашкоджана маёмасць. Мяркуемай прычынай з'яўляецца неасцярожнасць пры курэнні гаспадара кватэры. Яшчэ адзін чалавек выратаваны ў Браслаўскім раёне сёння ноччу. Пры пажары ў прыватным доме ў вёсцы Цілеўцы ратавальнікі выцягнулі з задымленага памяшкання пенсіянерку 1931 года нараджэння. Пажылая жанчына шпіталізавана ў цэнтральную раённую бальніцу з атручваннем угарным газам. Магчымай прычынай узгарання разглядаецца кароткае замыканне электраправодкі.-0-