Пры расследаванні гібелі 3 чалавек на ферме ў Верхнядзвінскім раёне будзе вырашацца пытанне аб адказнасці наймальніка

19 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Пры расследаванні крымінальнай справы па факце гібелі трох чалавек пры дэмантажы былой фермы ў Верхнядзвінскім раёне будзе вырашацца пытанне аб адказнасці наймальніка. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі заявіў пракурор Віцебскай вобласці Генадзь Дыско, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па яго словах, загінулыя і пацярпелыя работнікі выконвалі працу ў інтарэсах прадпрыемства. "У такім выпадку ідзе размова аб адказнасці наймальніка, гэта значыць прадстаўнікоў адміністрацыі прадпрыемства", - адзначыў Генадзь Дыско. На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група пракуратуры вобласці, цяпер асноўны аб'ём працы звязаны з дакументацыяй, якая канфіскавана на прадпрыемстве. "Па выніках расследавання крымінальнай справы будуць устаноўлены вінаватыя асобы, у чым я не сумняваюся, бо тут праглядаюцца відавочныя прыкметы бесгаспадарнасці", - падкрэсліў пракурор вобласці. Акрамя таго, на ўзроўні аблвыканкама разглядаецца пытанне аб магчымасці аказання матэрыяльнай дапамогі сем'ям загінулых і пацярпелых пры абрушванні фермы. Як паведамлялася, трагедыя адбылася 17 студзеня ў вёсцы Дубровы на былой жывёлагадоўчай ферме сельгаспрадпрыемства "Коханавічы". У выніку абрушэння даху пры дэмантажы будынка загінулі тры работнікі будаўнічай брыгады сельгаспрадпрыемства, яшчэ тры спецыялісты атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці і шпіталізаваны ў цэнтральную раённую бальніцу. Па дадзеных на 18 студзеня, яны знаходзяцца ў рэанімацыі, іх стан ацэньваецца як стабільны. Крымінальная справа ўзбуджана па ч.2 арт.303 "Парушэнне правілаў бяспекі будаўнічых работ, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека" КК Беларусі, якая прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.-0-