Пры выбуху газавага балона ў гаражы мужчына пазбавіўся часткі нагі

7 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Цяжкую траўму атрымаў жыхар Пастаўскага раёна ў выніку выбуху газавага балона, які адбыўся пры пажары ў уласным гаражы. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміла прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Пажар здарыўся ў вёсцы Леановічы ўдзень 6 лютага ў былым жылым доме, прыстасаваным мясцовым жыхаром пад гараж. Гаспадар гаража, 1968 года нараджэння, спрабаваў патушыць агонь, аднак у выніку выбуху газавага балона, які знаходзіўся ў гаражы, быў траўмаваны. У выніку мужчына шпіталізаваны з дыягназам "траўматычная ампутацыя адной трэці левай ніжняй канечнасці". Паведамленне аб здарэнні паступіла ад жонкі пацярпелага. Яна знаходзілася ў жылым доме, які размешчаны за дзесяць метраў ад гаража. Мяркуемай прычынай пажару разглядаецца парушэнне правілаў эксплуатацыі электрасетак і электраабсталявання (кароткае замыканне электраправодкі ў аўтамабілі). У выніку знішчаны аўтамабіль "Фальксваген-Пасат", у гаражы згарэла страха, пашкоджаны сцены і маёмасць.-0-