Прыбыло першае тэхналагічнае абсталяванне для новай парагазавай устаноўкі, якая будуецца на Лукомльскай ДРЭС.
Нагадаем чытачам, што менавіта тут рэалізуецца найбуйнейшы ў нашай краіне беларуска-кітайскі інвестыцыйны і інавацыйны праект у межах Дзяржаўнай праграмы развіцця Беларускай энергетычнай сістэмы. У верасні мінулага года быў падпісаны кантракт паміж РВУП «Віцебскэнерга» і Кітайскай машынабудаўнічай інжынірынгавай карпарацыяй на выкананне комплекснага будаўніцтва «пад ключ» ПГУ-427. У студзені гэтага – закладзены першы камень пад фундамент будучага энергаблока. А сёння ў Навалукомлі поўным ходам рыхтуюцца да мантажу: увечары 2 лістапада сюды прыбыло першае абсталяванне – генератар, выраблены вядомай нямецкай фірмай «Сіменс».
Велізарны груз у 308 тон дабіраўся да месца прызначэння больш за месяц – з порта Ротэрдам да Херсона, адтуль на спецыяльнай баржы па Чорным моры і Дняпры да Беразіна. У параўнанні з усёй «падарожжам» заставаўся сціплы ўчастак шляху ад Барысава да Навалукомля, але ён аказаўся ледзь не самым цяжкім. Ад найкарацейшага маршруту давялося адмовіцца, таму што не ўсе масты на дарозе маглі вытрымаць вагу гіганта, і генератар на спецыяльным транспарце «Белдарדרךтрансцяжа» ў суправаджэнні ДАІ і іншых службаў адправіўся ў абыход – праз Докшыцкі і Лепельскі раёны. Прыкладна праз месяц прыбудзе ў Навалукомль і турбіна – яна таксама ўжо пусцілася ў марское падарожжа з Германіі. Кошт генератара разам з турбінай складае каля 74 мільёнаў, а ўсяго праекта – 368 мільёнаў долараў ЗША. Гэта кітайскія інвестыцыі, якія накіраваны на мадэрнізацыю беларускай энергетыкі.
На цяперашні час у Навалукомлі разам з беларусамі працуюць больш за 300 кітайскіх спецыялістаў. Новы энергаблок будзе ўведзены ў 2014 годзе і дазволіць эканоміць 242 тысячы тон умоўнага паліва ў год. Гэта значыць, што расход газу знізіцца ў тры разы. У грашовым выражэнні эканомія складзе 90 мільёнаў долараў у год. На ўзбраенні віцебскіх энергетыкаў з'явяцца самыя перадавыя эканамічныя, экалагічныя і эфектыўныя тэхналогіі, што дазволіць унесці важкі ўклад у забеспячэнне энергетычнай бяспекі краіны.
На здымку: 098 – аўтацягнік даўжынёй у 50 метраў з генератарам для новай ПГУ на борце журналіст сустрэў на мяжы Лепельскага і Чашніцкага раёнаў.
Тэкст і фота Алены ТЕЛЯТКО.