Прычынай пажару на Аршанскім мясакансервавым камбінаце магло стаць парушэнне правілаў правядзення агнявых работ

25 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Мяркуемай прычынай пажару ў будынку ААТ "Аршанскі мясакансервавы камбінат" называецца парушэнне супрацьпажарных патрабаванняў пры правядзенні вогневых работ. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Марына Фандо. Пажар у галерэі халадзільнага цэха камбіната адбыўся 24 мая. У выніку чатыры работнікі прадпрыемства - трое мужчын і адна жанчына - загінулі. Асабовым складам падраздзяленняў МНС з ужываннем звёнаў газадымаахоўнай службы выратаваны 9 чалавек і 14 эвакуіраваны. У медыцынскай дапамозе ніхто з выратаваных не меў патрэбы. Паводле звестак МНС, у пераходнай галерэі халадзільнага цэха праводзіліся рамонтныя работы. Пры правядзенні вогневых работ адбылося ўзгаранне гаручага ўцяпляльніка, якое пачало інтэнсіўна распаўсюджвацца з наступным моцным задымленнем цэха. У загінулых была магчымасць выратавацца, аднак яны з дапамогай першасных сродкаў пажаратушэння спрабавалі ліквідаваць узгаранне. На ліквідацыі пажару было задзейнічана 10 адзінак тэхнікі падраздзяленняў МНС, 53 чалавекі асабовага складу, а таксама 5 брыгад хуткай медыцынскай дапамогі. Пракуратурай Оршы ўзбуджана крымінальная справа па арт. 306, ч. 3 КК "Парушэнне правілаў аховы працы, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух і больш асоб".-0-