Прыдзвінскія Дзед Мароз і Снягурка заваявалі «серабро» на рэспубліканскім аглядзе-конкурсе «Ёлка-фэст»

Прыдзвінскія Дзед Мароз і Снягурка заваявалі «серабро», саступіўшы пальму першынства калегам з Гродна.

У Нацыянальным цэнтры мастацкай творчасці дзяцей і моладзі прайшоў VI Рэспубліканскі агляд-конкурс Дзядоў Марозаў і Снягурак «Елка-фэст».

Гэта творчае спаборніцтва праводзіцца, каб падтрымаць існуючыя навагоднія традыцыі і даць педагогам устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі магчымасць абмяняцца вопытам у арганізацыі тэатралізаваных прадстаўленняў і гульнявых праграм. Бо менавіта ім трэба будзе забаўляць дзяцей падчас зімовых канікул.

Сёлета за званне лепшых Дзеда Мароза і Снягуркі змагаліся 30 педагогаў з усёй краіны. А ўзначаліў журы самы галоўны Дзед Мароз, які спецыяльна прыбыў на гэтае яркае і відовішчнае мерапрыемства з Белавежскай пушчы. Больш за ўсё прыйшліся яму па душы гродзенскія педагогі, якім у намінацыі «Дзед Мароз і Снягурка года» прысудзілі першае месца. «Серабро» заваявалі прадстаўнікі Віцебскага раёна – Вадзім Сакратароў са Старасельскай СШ і Вольга Церанцьева з Бабініцкай СШ. «Бронза» дасталася супрацоўнікам Шчучынскага палаца творчасці дзяцей і моладзі (Гродзенская вобласць).

Алена Пятрова, «Віцебскія весці».