Прыгранічныя рэгіёны Беларусі і Расіі эфектыўна вырашаюць пытанні бяспекі грамадзян - А.Косінец
29 верасня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прыгранічныя рэгіёны Беларусі і Расіі наладзілі эфектыўную сістэму ўзаемадзеяння для забеспячэння бяспекі грамадзян. Такую ацэнку выказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец сёння падчас рабочай сустрэчы з членамі камісіі Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю і прадстаўнікамі органаў заканадаўчай улады Пскоўскай і Смаленскай абласцей, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Паводле яго слоў, устаноўленыя партнёрскія ўзаемаадносіны Віцебскай вобласці з Пскоўскай і Смаленскай абласцямі дазваляюць эфектыўна вырашаць пытанні супрацоўніцтва па ўсіх напрамках сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, у тым ліку барацьбы са злачыннасцю. Наладжана ўзаемадзеянне праваахоўных органаў, што дае магчымасць забяспечваць у прыгранічных раёнах спакой і парадак, ствараць умовы для абмежавання любых супрацьпраўных праяў. Асабліва гэта датычыцца такіх грамадска небяспечных дзеянняў, як наркатрафік, нелегальны абарот зброі. Рэгулярны абмен вопытам, правядзенне сумесных мерапрыемстваў беларускімі і расійскімі праваахоўнымі органамі дазваляе эфектыўна кантраляваць сітуацыю ў прыгранічных раёнах і ў выніку забяспечваць бяспеку грамадзян. Акрамя таго, у вырашэнні гэтых пытанняў надзейным партнёрам выканаўчай улады выступае дэпутацкі корпус, лічыць Аляксандр Косінец.
У Віцебскай вобласці захоўваецца стабільная сацыяльна-палітычная абстаноўка, што дае магчымасць людзям спакойна жыць і працаваць на карысць роднага краю, упэўнены старшыня аблвыканкама. У пытаннях барацьбы са злачыннасцю эфектыўна працуе абласная каардынацыйная нарада, якую ўзначальвае пракурор вобласці. Прынятыя меры дазволілі дамагчыся, у прыватнасці, зніжэння ўзроўню і дасягнуць раскрывальнасці цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў амаль на 100%, а таксама павысіць гэты паказчык па шэрагу іншых крымінальных дзеянняў. Гэта сведчыць аб праводзімай праваахоўнымі органамі прафілактычнай рабоце, у тым ліку аб выхаваўчай рабоце ў моладзевым асяроддзі, у працоўных калектывах. У гэтай рабоце актыўны ўдзел прымаюць грамадскія арганізацыі. Таксама ў вобласці складваецца спакойная этнаканфесійная абстаноўка.
"Наша галоўная задача - забяспечыць высокую якасць жыцця і бяспеку нашых грамадзян, і развіццё ўзаемадзеяння прыгранічных рэгіёнаў Беларусі і Расіі будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці вырашэння гэтых праблем", - дадаў Аляксандр Косінец.
Рабочая сустрэча са старшынёй аблвыканкама папярэднічала сумеснаму пасяджэнню камісіі Парламенцкага сходу па бяспецы, абароне і барацьбе са злачыннасцю і прадстаўнікоў абласнога Савета дэпутатаў, органаў заканадаўчай улады Пскоўскай і Смаленскай абласцей, якое пройдзе 30 верасня. На пасяджэнне выносяцца пытанні забеспячэння бяспекі прыгранічных рэгіёнаў Беларусі і Расіі, узаемадзеяння органаў улады дзяржаў - удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ў забеспячэнні грамадскай бяспекі і ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы ўмацавання законнасці і правапарадку. Дэпутаты таксама плануюць разгледзець ход рэалізацыі праграм Саюзнай дзяржавы ў галіне бяспекі і барацьбы са злачыннасцю, наведаць працоўныя калектывы і воінскія падраздзяленні.-0-