Прыклад кіраўніка і чалавека: мітынг да 105-годдзя з дня нараджэння Машэрава прайшоў у Віцебску
Педагог, падпольшчык, кіраўнік краіны і прыклад чалавечых адносін да простага народа – такім Пятра Машэрава памятаюць яго сучаснікі, якім удалося з ім пагутарыць асабіста. "Пётр Міронавіч паражаў сваёй знешнасцю – высокі, прывабны, з добрай адкрытай усмешкай, харызматычны. Ён быў вельмі энергічным чалавекам, які ўмеў зараджаць на справу, усё даходліва тлумачыць. І разам з тым ужо ў якасці кіраўніка краіны Машэраў адрозніваўся прастатой у зносінах. Мне на 25-м з'ездзе ленінскага камуністычнага саюза моладзі давялося пачуць яго выступ, які нас тады вельмі натхніў. Пасля яго выступлення мы, тады яшчэ маладыя і таксама поўныя сіл, рваліся ў бой – на подзвігі ў імя Радзімы", – падзяліўся старшыня Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб'яднання "Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане" Валяр'ян Мацкевіч.
Пётр Машэраў пачынаў як настаўнік матэматыкі ў сярэдняй школе ў Расонах. У час Вялікай Айчыннай вайны ён стаў адным з арганізатараў і кіраўнікоў антыфашысцкага падполля і партызанскага руху ў Беларусі. З лістапада 1943 года ён быў прызначаны сакратаром падпольнага абкама ЛКСМБ, прымаў удзел у распрацоўцы і правядзенні многіх баявых аперацый, праявіў асабістую мужнасць. Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Пётр Машэраў займаў кіруючыя пасады ў камсамольскіх і партыйных органах. У 1965 годзе ён стаў першым сакратаром ЦК КПБ. Ён быў удастоены званняў Героя Савецкага Саюза, Героя Сацыялістычнай Працы, стаў кавалерам сямі ордэнаў Леніна. Пры ім БССР дасягнула эканамічнага росквіту і была ў лідарах па развіцці сярод іншых саюзных рэспублік.
"Гэта наш зямляк, яшчэ адзін арыенцір для нашай нацыі. Пётр Машэраў стаяў ля стырна нашай цудоўнай краіны 15 гадоў, і за гэты час быў закладзены фундамент нашага далейшага развіцця. Усе глабальныя праекты зарадзіліся менавіта ў той час. Цяпер мы ўдасканальваем іх, працягваем. Я думаю, гэта добры прыклад. І задача для кожнага з нас, кіраўнікоў, зрабіць нешта падобнае, каб нашы нашчадкі так жа нас дзякавалі", - падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Удзельнікі мітынгу далучыліся да аўтапрабегу, які прайшоў ад бюста Пятру Машэраву да Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта, які носіць імя выдатнага зямляка.
БЕЛТА.