Прымірэння дасягнута ў 79% разгледжаных у I паўгоддзі гаспадарчым судом Віцебскай вобласці спраў

11 ліпеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Пагадненні аб прымірэнні падпісаны па 79% спраў, разгледжаных Гаспадарчым судом Віцебскай вобласці ў прымірыцельнай працэдуры ў першым паўгоддзі, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела судовай практыкі гаспадарчага суда вобласці Вольга Кібісава. Як растлумачыла суразмоўніца, прымірыцельная працэдура - урэгуляванне спрэчкі паміж бакамі ў гаспадарчым судзе з удзелам прымірыцеля, які прызначаецца судом, для аказання ім дапамогі ў самастойным вырашэнні ўзніклай спрэчкі, устанаўленні фактычных абставін канфлікту, высвятленні, супастаўленні і збліжэнні іх пунктаў гледжання аб шляхах вырашэння спрэчкі, пошуку кампрамісу, які задавольвае абодва бакі, дасягненні пагаднення аб прымірэнні. Такі дыялог пры садзейнічанні прафесійнага прымірыцеля дазваляе дасягнуць узаемавыгаднага пагаднення, зэканоміць грошы, час, захаваць надзейныя партнёрскія адносіны. У студзені-чэрвені 2012 года па 425 справах іскавога вядзення, што складае 79% спраў ад разгледжаных у прымірыцельнай працэдуры, паміж бакамі дасягнуты дамоўленасці і падпісаны пагадненні аб прымірэнні. Пры гэтым па двух паспяхова ўрэгуляваных справах бакі звярнуліся па дапамогу да пазасудовага медыятара. Патэнцыял прымірыцельнай працэдуры таксама быў запатрабаваны на стадыі выканаўчай вытворчасці: у 28 выпадках працэдура завершана, заключаны 27 пагадненняў аб прымірэнні ў рамках выканаўчых вытворчасцей, яшчэ 6 спраў знаходзяцца на стадыі прымірэння. Зэканоміць сродкі суб'ектаў гаспадарання, якія звяртаюцца да судовага вырашэння спрэчак, дапамагае актыўнае ўкараненне гаспадарчым судом сучасных электронных тэхналогій, адзначыла Вольга Кібісава. Напрыклад, з выкарыстаннем відэаканферэнцсувязі суддзямі першай інстанцыі праведзена 97 судовых пасяджэнняў. Для пашырэння сферы прымянення электроннага дакументаабароту гаспадарчым судом заключана 19 пагадненняў аб электронным абмене інфармацыяй, у тым ліку з 11 антыкрызіснымі кіраўнікамі па ўсіх справах аб банкруцтве юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, у тым ліку і пры абскарджанні судовых пастановаў у гаспадарчым судзе апеляцыйнай інстанцыі, а таксама на стадыі выканаўчай вытворчасці. У выніку - суб'екты гаспадарання зэканомілі грашовыя сродкі на камандзіровачныя выдаткі, а іх прадстаўнікі - працоўны час. За шэсць месяцаў бягучага года ў Гаспадарчым судзе Віцебскай вобласці колькасць паступіўшых на разгляд зваротаў павялічылася на 15% і склала 7467 зваротаў. Суб'екты гаспадарання працягваюць эфектыўна спаганяць доўг, выкарыстоўваючы інстытут загаднай вытворчасці: у суд паступіла 5567 заяў аб узбуджэнні загаднай вытворчасці, што ў 1,5 раза больш, чым у аналагічным перыядзе 2011 года.-0-