Прыняцце Дырэктывы №4 сведчыць аб павышэнні ролі прадпрымальніцтва ў жыцці грамадства - эксперт
4 студзеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прыняцце Дырэктывы №4 з'яўляецца важным сігналам аб павышэнні ролі прадпрымальніцтва ў жыцці грамадства. Такое меркаванне выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА дырэктар віцебскага ТАА "Альянспласт" Мікалай Сілінаў.
Рэалізацыя палажэнняў Дырэктывы надасць новы імпульс развіццю прадпрымальніцкай ініцыятывы, будзе спрыяць пашырэнню самазанятасці насельніцтва і з'яўленню новых прыватных прадпрыемстваў, упэўнены ён. Вялікая ўвага ў дакуменце ўдзяляецца пытанням узаемадзеяння дзяржаўных органаў і грамадскіх аб'яднанняў прадпрымальнікаў і бізнес-супольнасцей. "Такім чынам, дзяржава знайшла найбольш эфектыўную форму вядзення дыялогу з бізнесам праз грамадскія аб'яднанні, што, безумоўна, умацуе самі бізнес-асацыяцыі, а таксама павысіць іх аўтарытэт, у тым ліку на мясцовым узроўні", - упэўнены бізнесмен. У рэгіёнах неабходна ствараць пастаянна дзеючыя пляцоўкі для абмеркавання ўсіх рашэнняў і праектаў нарматыўных дакументаў, якія стымулююць развіццё бізнесу, асабліва калі гаворка ідзе аб развіцці прадпрымальніцтва і стварэнні спрыяльных умоў для гэтага на месцах, дадаў ён.
Палажэнні Дырэктывы №4 сведчаць аб працягу курсу на лібералізацыю ўмоў ажыццяўлення гаспадарчай дзейнасці, ухіленне залішняга ўмяшання дзяржаўных органаў у дзейнасць суб'ектаў гаспадарання, скасаванне неабгрунтаваных адміністрацыйных бар'ераў для развіцця дзелавой ініцыятывы. У гэтым плане вельмі важна, што робіцца акцэнт на пытаннях абароны правоў уласнасці, удасканалення кантрольнай дзейнасці, а таксама дэкларуецца пераход да рынкавых механізмаў цэнаўтварэння, якія спрыяюць павышэнню якасці і канкурэнтаздольнасці тавараў.
Таксама неабходным і эфектыўным крокам на шляху стымулявання дзелавой актыўнасці Мікалай Сілінаў лічыць завяршэнне працэсу гарманізацыі падатковай сістэмы Беларусі з дзеючымі ў еўрапейскіх краінах, пашырэнне прымянення міжнародных стандартаў у бухгалтарскім уліку і скарачэнне фінансавай справаздачнасці. Гэта будзе спрыяць павышэнню эфектыўнасці эканамічнай дзейнасці суб'ектаў прадпрымальніцтва, упэўнены ён.-0-