Прыняцце законапраекта аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве дазволіць выкарыстоўваць патэнцыял бізнесу
3 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Прыняцце праекта закона аб дзяржаўна-прыватным партнёрстве дазволіць выкарыстоўваць інвестыцыйныя магчымасці айчыннага і замежнага бізнесу пры вырашэнні сацыяльна-эканамічных задач Беларусі. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў дырэктар дэпартамента па прадпрымальніцтве Міністэрства эканомікі Беларусі Аляксандр Ліхачэўскі.
Сутнасць законапраекта зводзіцца да вызначэння механізмаў прыцягнення прыватнага бізнесу да рэалізацыі інвестпраектаў у структурных галінах эканомікі, растлумачыў ён. У дакуменце будуць вызначаны методыкі правядзення конкурснага адбору ўдзельнікаў такіх праектаў, у тым ліку дзяржорганы, якія будуць суправаджаць інвестпраекты, а таксама магчымыя рызыкі, абавязкі і адказнасць партнёраў. У выніку гэта дасць магчымасць прыцягнуць інвестыцыі ў эканоміку, выкарыстоўваць вопыт і магчымасці прафесіяналаў у канкрэтных сферах дзейнасці, што будзе гарантаваць эфектыўнасць рэалізацыі інвестпраектаў, якія дзяржаве складана ажыццявіць па аб'ектыўных прычынах, адзначыў Аляксандр Ліхачэўскі.
На яго думку, немалаважным момантам такога партнёрства з'яўляецца павышэнне сацыяльнай адказнасці бізнесу перад грамадствам.
Праект распрацоўваецца Мінэканомікі з прыцягненнем прадстаўнікоў бізнес-асацыяцый і зацікаўленых органаў дзяржкіравання. Падрыхтаваны структура самога закона і яго канцэптуальныя палажэнні. У бліжэйшы час плануецца прааналізаваць дзеючае заканадаўства, у якім так ці інакш рэгулююцца пытанні ўзаемадзеяння дзяржавы і прыватнага бізнесу, каб улічыць гэтыя палажэнні ў законапраекце, які распрацоўваецца. Акрамя таго, будзе прааналізаваны міжнародны вопыт у гэтай сферы, у тым ліку рэгуляванне ўзаемаадносін бізнесу і дзяржавы ў краінах Еўропы і СНД. З улікам гэтага аналізу ў законапраект будуць уносіцца карэкціроўкі, а ў цэлым працу па падрыхтоўцы праекта прадугледжваецца завяршыць у 2011 годзе, дадаў Аляксандр Ліхачэўскі.-0-