Прырода ў стылі мадэрн: у Віцебску прадставілі арт-праект падлеткаў з Беларусі, Нямеччыны і Францыі
У Арт-цэнтры Марка Шагала ў Віцебску 20 верасня адкрылася выстава па выніках пленэру ў рамках 6-й міжнароднай летняй школы мастацтваў. Заняткі, на якіх навучаліся 25 падлеткаў ва ўзросце 14-16 гадоў з Беларусі, Германіі і Францыі, прайшлі ў жніўні ў Полацку, на базе мясцовай дзіцячай мастацкай школы.
Міжнародная летняя школа мастацтваў – праект віцебскага Музея Марка Шагала, які дзейнічае з 2007 года. Яе вучнямі традыцыйна становяцца юныя таленты з розных краін. Навучанне ў школе заснавана на сінтэзе розных відаў творчасці – выяўленчага мастацтва, харэаграфіі, акцёрскага майстэрства. Сваім вопытам у творчых майстэрнях з падлеткамі дзеляцца выкладчыкі – прафесійныя мастакі, харэографы, акцёры. Так, у 2008 годзе дзеці трапілі ў “закуліссе” віцебскага тэатра “Лялька”, дзе ў іх была магчымасць зрабіць сваю ляльку. Праз два гады пленэр прайшоў у музеі-сядзібе Ільі Рэпіна "Здраўнёва", дзе юныя мастакі з дапамогай пэндзля і алоўкаў адлюстравалі на паперы свае музычныя асацыяцыі, а таксама фантазіравалі ў садзе, выкарыстаўшы дрэвы ў якасці арт-аб'ектаў.
Своеасаблівым выпускным "экзаменам" для вучняў становіцца выніковы перформанс. Напрыклад, аднойчы вучні летняй школы мастацтваў выканалі чатыры прыродныя стыхіі - агонь, паветра, зямлю і ваду.
Сёлета заняткі прысвячаліся мастацкаму стылю мадэрн, адметнай асаблівасцю якога з'яўляецца адмова ад прамых ліній і вуглоў на карысць больш натуральных, прыродных ліній. Юныя мастакі з трох краін вывучалі розныя тэхнікі жывапісу і графікі і стварылі сумесны творчы праект "Свет жывой прыроды ў выяўленчым мастацтве".
Таццяна Мацвеева / фота: Ігар Мацвееў