Прыродныя багацці Віцебскай вобласці могуць стаць рэсурсам для забеспячэння занятасці насельніцтва

16 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Выкарыстанне прыродных багаццяў Віцебскай вобласці для вытворчасці прадуктаў харчавання можа стаць рэсурсам для забеспячэння занятасці насельніцтва ў сельскай мясцовасці. Такое меркаванне ў гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА выказала галоўны спецыяліст абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Таццяна Ясюліна. Паводле даных за 2008 год, біялагічныя запасы вобласці па грыбах ацэньваліся ў 12 тыс.т, эксплуатацыйныя - 6 тыс.т, па ягадах - адпаведна 15,1 тыс.т і 7,6 тыс.т. Пры гэтым асваенне гэтых відаў прыродных рэсурсаў па розных прычынах ідзе павольнымі тэмпамі, тут маецца патэнцыял для актывізацыі нарыхтоўкі сыравіны, арганізацыі перапрацоўчых вытворчасцей і, адпаведна, стварэння новых працоўных месцаў, адзначыла Таццяна Ясюліна. У вобласці нарыхтоўкай дзікарослых грыбоў і ягад у 2008 годзе займаліся больш за 150 суб'ектаў гаспадарання, у тым ліку арганізацыі аблспажыўсаюза, лясгасы і індывідуальныя прадпрымальнікі. Імі было нарыхтавана, закуплена ў насельніцтва 395,47 т грыбоў, што складае ўсяго толькі 6,5% ад эксплуатацыйных запасаў гэтай прыроднай сыравіны. У асноўным нарыхтоўкай грыбоў займаліся камерцыйныя прадпрыемствы (імі нарыхтавана 354 т). У гатовую прадукцыю перапрацавана каля 14% ад нарыхтаванай колькасці, астатняе рэалізавана без перапрацоўкі. Больш актыўна прадпрыемствы і арганізацыі працуюць з ягадамі, якіх было нарыхтавана больш за 2,5 тыс. т, што складае 34% ад эксплуатацыйных запасаў. У тым ліку прадпрыемствамі і арганізацыямі спажыўкааперацыі зарыхтавана звыш 1 тыс.т. У гатовую прадукцыю перапрацавана 66,5% ад нарыхтаваных аб'ёмаў ягад. Дазволы на права спецыяльнага карыстання аб'ектамі расліннага свету (на нарыхтоўку ягад і грыбоў) устанаўліваюцца рашэннямі мясцовых органаў улады зыходзячы з даных аб біялагічных і эксплуатацыйных запасах гэтай прыроднай сыравіны ў вобласці. Адмена з 2006 года Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя лімітаў на нарыхтоўку грыбоў і ягад мясцовымі органамі ўлады дае магчымасць актывізаваць работу па выкарыстанні прыродных багаццяў Віцебшчыны для вытворчасці смачнай прадукцыі, лічыць Таццяна Ясюліна.-0-