Прыток замежных грамадзян у Віцебскую вобласць у 2014 годзе істотна вырас

Приток иностранных граждан в Витебскую область в 2014 году существенно вырос

У Віцебскай вобласці сёлета зарэгістравана на 2 тыс. замежных грамадзян больш, чым за аналагічны перыяд 2013-га, і на тысячу замежнікаў больш атрымала від на жыхарства. Такія даныя агучыла начальнік упраўлення па грамадзянстве і міграцыі УУС аблвыканкама Таццяна Рамашова ў ходзе круглага стала "Узаемадзеянне БТЧК з дзяржаўнымі органамі па аказанні дапамогі затрыманым мігрантам", які праходзіць у Віцебску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Адпаведна, усяго сёлета ў вобласці зарэгістравана больш за 12 тыс. замежных грамадзян, 5,6 тыс. чалавек атрымалі від на жыхарства. На дадзены момант на тэрыторыі рэгіёна пражываюць больш за 26 тыс. грамадзян іншых дзяржаў. Па словах Таццяны Рамашовай, прырост сёлета істотны, асабліва на яго паўплываў прыток мігрантаў з Украіны.

У гэтым годзе больш за 4,5 тыс. грамадзян суседняя дзяржавы зарэгістраваны ў органах па грамадзянстве і міграцыі Віцебскай вобласці, каля 800 аформілі від на жыхарства. Па абодвух паказчыках назіраецца рост у 2 разы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2013-га. "Раней быў вялікі паток асоб, якія хадайнічалі аб атрыманні статусу бежанца або дадатковай абароны. З амаль 300 атрыманых намі хадайніцтваў большая частка - ад грамадзян Украіны. Але пасля таго, як была адменена пошліна пры выдачы спецдазволу на працаўладкаванне, паток прэтэндэнтаў на статус бежанца знізіўся, значна больш стала людзей, якія проста шукаюць жыллё і працу. Толькі ўкраінцам ужо выдадзена 337 такіх дазволаў", - падкрэсліла Таццяна Рамашова.

У цэлым сёлета заўважна павялічылася колькасць замежнікаў, якія жадаюць працаўладкавацца на тэрыторыі Віцебшчыны, выдадзена 1265 спецдазволаў. Дамінуюць тыя ж краіны, што і раней: Літва, Латвія, Малдова, Украіна. Для расіян і казахаў спецдазволы не патрэбныя. Асобную катэгорыю замежнікаў складаюць студэнты - іх у рэгіёне налічваецца больш за 2 тыс., з якіх 82% складаюць грамадзяне Туркменістана.

Акрамя таго, Таццяна Рамашова адзначыла ўстойлівае станоўчае сальда міжнароднай міграцыі. Сёлета на 365 чалавек больш прыехала на пастаяннае месца жыхарства ў Віцебскую вобласць, чым выехала за яе межы.

Круглы стол "Узаемадзеянне БТЧК з дзяржаўнымі органамі па аказанні дапамогі затрыманым мігрантам" у рамках праекта Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа "Аднаўленне сямейных сувязяў" праходзіць у Віцебску 25-26 лістапада. У ім прымаюць удзел прадстаўнік МККК Лесі Бертюлі, прадстаўнікі БТЧК з Мінска і рэгіёнаў Беларусі, мясцовых органаў улады, Дзяржаўнага памежнага камітэта і яго тэрытарыяльных падраздзяленняў, сістэмы МУС і іншыя зацікаўленыя асобы.

Кацярына Князева