Прышчэпкі супраць кляшчовага энцэфаліту рэкамендуюць зрабіць віцебскія педыятры дзецям на перыяд летніх канікул

Прививки против клещевого энцефалита рекомендуют сделать витебские педиатры детям на период летних каникул

Па словах загадчыцы кабінета імунапрафілактыкі абласнога дзіцячага цэнтра Ірыны Грыбоўскай, дадзеная вакцына з'явілася ў распараджэнні педыятраў гэтай вясной, прызначаецца для дзяцей ва ўзросце ад года да 16 гадоў. Асабліва гэта актуальна для тых, каго бацькі адправяць у загарадныя аздараўленчыя лагеры ці да сваякоў у вёску. Акрамя таго, як паказвае вопыт мінулага лета, з укусамі небяспечных крывасмокаў звярталіся не толькі тыя, хто пабываў у лесе, але і тыя, хто адпачыў у прыгарадзе, дзе мелася нескашаная трава. Таму прышчэпкі супраць кляшчовага энцэфаліту павінны стаць эфектыўным сродкам у прафілактыцы вышэйназванай інфекцыі сярод дзіцячага насельніцтва, выказала надзею Ірына Аляксандраўна.

Дарэчы, прадугледжаны прышчэпкі і для дарослых, прычым не толькі з групы рызыкі, якім яны належаць па эпідэміялагічных паказаннях і робяцца планава, напрыклад, работнікам лесагаспадарчай галіны. Не зашкодзіць вакцынацыя паляўнічым, рыбакам, дачнікам і ў цэлым аматарам вольнага часу на прыродзе.

Актуальнасць пытання падкрэсліваюць і спецыялісты Віцебскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Яны адзначаюць, што каля 70% кляшчоў, якія трапілі на даследаванне ў лабараторыю ў мінулым сезоне, былі заражаны вірусам кляшчовага энцэфаліту. А гэта значыць, што чалавек, які падвергнуўся ўкусу насякомага, павінен у абавязковым парадку прайсці прафілактыку антыбіётыкамі. Інакш яго чакаюць не самыя прыемныя наступствы: найцяжэйшы клінічны стан, працяглае лячэнне і рэабілітацыя пасля перанесенага захворвання. Таму медыкі рэкамендуюць падстрахавацца і прыбегнуць да імунапрафілактыкі.