Прыз абласнога конкурсу «Уладар сяла-2017» дастаўся сям’і з Шаркаўшчынскага раёна

Приз областного конкурса «Властелин села-2017» достался семье из Шарковщинского района
Галоўны прыз абласнога этапу сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла-2017» бычок Федзя – дастаўся сям’і Малаковых з Шаркаўшчынскага раёна.

Пазмагацца за ганаровае званне ў аграгарадку Астроўна Бешанковіцкага раёна прыбыло 12 лідараў раённых этапаў.

Пачаліся абласныя спаборніцтвы з конкурсу-візіткі «Вітаем па-беларуску!», у якім удзельнікі расказалі пра гісторыю сям’і, свае традыцыі, захапленні. Найбольш цікавыя і запамінальныя выступленні аказаліся ў сем’яў Жураўлёвых з Лёзненскага раёна і Малаковых.

Хутчэй і якасней за іншых распілавалі дровы, іх накалолі і склалі Мікалай і Алена Новікавы з Шумілінскага раёна. А Іван і Дзіяна Малаковы ўсяго за 2 хвіліны 45 секунд справіліся з возам: муж павінен быў запрэгчы каня з цялежкай, а жонка – распрэгчы.

Прагледзеўшы відэаролікі аб сельскагаспадарчых падворках удзельнікаў, журы прызнала найлепшай сядзібу Віталя і Таццяны Кляменцевых з аграгарадка Астроўна. А самае яркае прадстаўленне сваіх дасягненняў аказалася ў Юрыя і Галіны Жураўлёвых, якія ў агульным заліку выйшлі на трэцяе месца. Другое занялі Новікавы, лідзіравалі Малаковы.

– Летась у такім жа абласным конкурсе мы занялі другое месца, а сёлета ўлічылі свае памылкі і дабіліся найвышэйшага выніку, – расказаў галава сямейства Іван. Арымаць перамогу бацькам дапамаглі іх чароўныя дзеці – сын Мікіта, дочкі Сафійка, блізняты Насця і Ганнушка. Цяпер Малаковы рыхтуюцца прадстаўляць нашу вобласць на рэспубліканскім конкурсе «Уладар сяла-2017», які пройдзе ў Глыбокім, адкуль ён і бярэ свае вытокі.

Алена АЛІМАВА, фота аўтара. "Віцебскія весці".