Прызёраў чэмпіянату Еўропы і свету 2014 года па скачках на батуце ўзнагароджвалі ў Віцебскай СДЮШАР №2

Призеров чемпионата Европы и мира 2014 года по прыжкам на батуте награждали в витебской СДЮШОР №2

У СДзЮШАР №2 прайшла ўрачыстая цырымонія ўшанавання спартсменаў і трэнераў — прызёраў кантынентальнага і сусветнага чэмпіянатаў 2014 года па скачках на батуце.

— Амаль год таму пасля выступлення зборнай на першынстве Еўропы мы сустракаліся з камандай у аблвыканкаме, тады абмеркавалі планы на 2014 год: не толькі прагназавалі выступленне спартсменаў на розных спаборніцтвах, але і прынялі рашэнне аб куплі новага спартыўнага абсталявання, — адзначыў намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Церанцьеў. — Цяпер можам рэзюмаваць, што задачы выканалі як спартсмены — за год заваявалі 17 медалёў на планетарных і кантынентальных стартах, так і органы ўлады — у снежні школа атрымала новае абсталяванне еўрапейскага стандарту на суму каля 600 мільёнаў рублёў. Не былі забыты спартсмены: Ганна Гарчонак, Мікалай Казак, Уладзіслаў Ганчароў сталі стыпендыятамі Віцебскага аблвыканкама, і іх настаўнікі — галоўны трэнер зборнай Беларусі Вольга Власава атрымала медаль «За працоўныя заслугі», дакументы на ўзнагароджанне трэнера Васіля Шулькіна знаходзяцца на разглядзе ў Савеце Міністраў. Дарэчы, А. Гарчонак і В. Власава атрымалі высокае званне «Чалавек года Віцебшчыны-2014», М. Казак стаў заслужаным майстрам спорту Беларусі.

Падчас цырымоніі ўзнагароджання Уладзімір Церанцьеў уручыў падзякі аблвыканкама за высокія спартыўныя дасягненні і за асабісты ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту вобласці трэнерам Святлане Пашкоўскай і Наталлі Лебедзевай. Падзякі аблвыканкама за значны ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту, прафесіяналізм і падрыхтоўку спартсменаў высокага класа быў удастоены Васіль Шулікін. Ганаровымі граматамі аблвыканкама за высокія спартыўныя дасягненні, значны ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту былі ўзнагароджаны Мікалай Казак, Ганна Гарчонак, Уладзіслаў Ганчароў. Ганаровай граматай аблвыканкама за высокія спартыўныя дасягненні і асаблівы ўклад у развіццё фізічнай культуры і спорту, падрыхтоўку спартсменаў высокага ўзроўню — Вольга Власава.

— Вельмі прыемна атрымаць узнагароду, але часу на перадышку ў нас няма: наперадзе зборы і матчавая сустрэча з камандай Германіі, а ў чэрвені — асноўны старт, еўрапейскія гульні, — заўважыла А. Гарчонак. — З-за вялікай колькасці спаборніцтваў у мінулым годзе зараз цяжка набіраць форму, але да лета планую падысці ва ўсеадозе.

Як адзначыла А. Власава, гэты год таксама будзе насычаным: трэба будзе шмат спаборніцтваў, у тым ліку — адбор на Алімпійскія гульні-2015. У планах нашых спартсменаў — заваяваць тры ліцэнзіі для ўдзелу ў галоўных спаборніцтвах чатырохгоддзя, якія адбудуцца ў Рыа-дэ-Жанейра.

Дзмітрый КАНАХОЎ, "Віцьбічы"